Карэнны прадукт. ААТ «Жарабковічы» ўбірае цукровыя буракі

Камбайнаваць свае 900 «салодкіх» гектараў першымі пачало
ААТ «Жарабковічы». Ураджай пакуль радуе – з кожнай адзінкі плошчы атрымліваюць каля паўтысячы цэнтнераў прадукцыі

Тэхнічная сельгаскультура для самай буйной гаспадаркі раёна ААТ «Жарабковічы» з’яўляецца адной з «карэнных». У першую чаргу, з пазіцыі яе высокай важнасці ў фарміраванні вытворчай эканомікі акцыянернага таварыства. Ну і, канешне ж, у самым прамым значэнні: тым, што ўся каштоўнасць бурака вызначаецца велічынёй і паказчыкам цукрыстасці яго кораня.

«Жарабковічы» – перадавы вытворца салодкага кораня ў Ляхавіцкім раёне. Гэты няпросты і затратны працэс гаспадарка даўно паставіла на паток. Пры тым, што з года ў год працягвае эксперыментаваць з мэтай дасягнуць большага з меншымі затратамі. Фактычна кожны год укараняецца нешта новае, перадавое. Сёлетняй вясной, напрыклад, частка пасяўных работ была праведзена з выкарыстаннем нетрадыцыйных гібрыдаў насення, якія патэнцыяльна дазвалялі зменшыць сезонную колькасць хімапрацовак. На тым сэканоміць, атрымаць магчымасць больш рацыянальнага задзейнічання сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, для якой работ на піку аграсезона заўсёды з перавышэннем.
З 1,8 тысячы сёлетніх раённых «салодкіх» гектараў
900 належаць «Жараб-ковічам». Дарэчы сказаць, акрамя названага прадпрыемства з цукровымі буракамі ў раёне працуюць ААТ «Шлях новы», СУП «Ліпнянка», ЗАТ «Фораланд» і дзве фермерскія гаспадаркі.
«Падымаць» вырашчаны салодкі ўраджай першымі пачалі таксама «Жарабковічы». Стартавы выхад буракаўборачнага камбайна ў поле адбыўся каля дзясятка дзён назад. І да моманту «далучэння да працэсу» «Ляхавіцкага весніка» работы канчаткова ўсталяваліся, пайшлі ў звык-лым тэмпе, рэальнасцю сталі сотні тон прадукцыі, адгружанай у залік дзяржаўнага заказу, сезонна-планавая лічба якога набліжаецца да 23 тысяч тон салодкага караняплода.
Можна сказаць, што рухавік спецыялізаванага буракаўборачнага камбайна не ведае прыпынку на працягу сутак. «Дызель» дастаўляецца напрамую ў поле з дапамогай аўтамабіля-палівазапраўшчыка. У мэтах перазменкі механізатараў задзейнічаны таксама аўтамабіль легкавога класа: на перыяд уборкі дзяжурная «Ніва» іншых падрадаў, акрамя дастаўкі механізатараў-буракаўборшчыкаў з
работы дамоў і наадварот, не ведае. Іх, адмысловых прафесіяналаў, у тым ліку і цукрова-ўборачнай справы, трое. Віктар Клемяня, Юрый Славута і Іван Касміна «штатныя» працоўныя суткі дзеляць паміж сабой. У выпадку ж узнікнення паза-штатных сітуацый, а складанае «жалеза» схільна стамляцца і выходзіць са строю, аб’яўляецца збор. Калі ёсць неабходнасць у рамонце камбайна, удзел у работах прымаюць усе і кожны, нягледзячы на час сутак. І гэта прыклад узаемавыручкі, работа асобнага на агульны вынік.
Работа камбайна і яго кіроўцаў не застаецца без ашчаднай палявой увагі спецыялістаў гаспадаркі. У азначаны дзень, а работа ажыццяўлялася ва ўгоддзях вытворчага ўчастка № 1
«Жарабковічы», ход і якасць уборачных работ адсочваў брыгадзір паляводчай брыгады ўчастка Максім
Мурочак. Гутарка пра надвор’е зайшла сама сабой. Па меркаванні брыгадзіра, у выпадку сухіх, як зараз, умоў надвор’я выкапаныя караняплоды атрымліваюць больш чысты стан, без зямельнага бруду. У той час пыл – уедлівы абразіў, які паскарае знос тэхнікі.
– А буракаўборачны камбайн – машына складаная, дакладная і вельмі дарагая, – тлумачыць Максім Мурочак.
Мабыць факт дарагавізны задзейнічанай на ўборцы буракоў тэхнікі стаў адной з прычын таго, што пагрузку выкапанага і сабранага ў магутныя штабелі салодкага ўраджаю «Жарабковічы» ажыццяўляюць з дапамогай арандаванага на перыяд работ спецыяльнага пагрузчыка-падборшчыка. Грувасткі, многакампанентны, высокапрадукцыйны, для якога перамясціць 20 тон буракоў у кузава аўтамабіля з’яўляецца дастаткова хуткай справай.
Галоўнай ці адказнай за пагрузку буракоў і іх адпраўку на размешчаны ў Баранавічах прыёмны пункт прызначана Ала Навумчык. У штатным раскладзе
ААТ «Жарабковічы» выпускніца Ляхавіцкага аграрнага каледжа значыцца як памочнік брыгадзіра паляводчай брыгады аднаго з вытворчых участкаў. Аднак на перыяд «салодкай» кампаніі яе працоўным месцам стаў мабільны офіс. Невялікі, па-канцылярску абсталяваны фургон на колах перамяшчаецца з поля на поле, з аднаго месца пагрузкі на другое.
– Два дні назад былі ў Сваятычах, зараз уборачна-пагрузачныя работы разгорнуты на палетках участка № 1. Звычайна
работа пачынаецца да васьмі гадзін раніцы. Завяршаем пагрузку і адпраўку буракоў познім вечарам. За дзень атрымліваецца перамясціць у Баранавічы больш за тысячу тон прадукцыі, – запэўнівае Ала Навумчык.
Нягледзячы на некаторыя складанасці вегетацыйнага перыяду, сярэдні жарабковіцкі «цукровы» гектар дае каля 500 цэнтнераў прадукцыі цукрыстасцю больш за 16 працэнтаў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.