Спякота «падаграе» агонь

У суботу 7 верасня ў 20.21 выратавальнікам паступіла паведамленне пра загаранне саломы ў полі ў аграгарадку Нача. Выратавальнікі аператыўна прыбылі на месца выкліку і паспелі выратаваць 10 тон саломы. На жаль, 50 тон саломы ў цюках ураджаю гэтага года агонь знішчыў. Прычыны здарэння высвятляюцца, расказаў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

Працяглае сухое надвор’е істотна павысіла градус пажарнай небяспекі, які ў спалучэнні з неасцярожнасцю і неабачлівасцю некаторых грамадзян стварае вялікія праблемы.
З пачатку года на Брэстчыне зарэгістравана больш за 460 выпадкаў гарэння травы і кустоўя. Разам з падпаленымі травой і ржышчам гараць будынкі, агароджы, розная маёмасць і нават жылыя дамы. Але самае страшнае, калі ў ачагах гарэння травы знаходзяць загінулага чалавека. Такія выпадкі нядаўна зарэгістраваны ў Брэсцкім і Бярозаўскім раёнах. У Ганцавіцкім раёне атрымала апёкі пенсіянерка, якая спрабавала самастойна справіцца з вогненнай стыхіяй, што выйшла з-пад кантролю пры спальванні травы.
Выратавальнікі не стамляюцца нагадваць: выпальваць траву на корані забаронена, за гэта прадугледжаны штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Але часам жаданне хутка пазбавіцца ад сухой расліннасці заглушае абгрунтаваныя доказы і голас розуму.
Яшчэ адна нагода біць трывогу – лясныя пажары, прычынай абсалютнай большасці якіх таксама з’яўляецца чалавек. На гэтым тыдні на Брэстчыне Дзяржлесаахове давялося тушыць буйны пажар у Палескім лясгасе, што ахапіў больш за 50 гектараў. Адна з самых верагодных версій прычыны ўзгарання – неасцярожнасць зборшчыкаў журавін… Нягледзячы на поўную ў нашай вобласці забарону наведвання лясоў гэтым пажаранебяспечным часам, знаходзяцца «смельчакі», якія адпраўляюцца на пошукі лясных дароў. Хаця смельчакамі іх назваць цяжка, тут відавочна пераважае зусім іншая характарыстыка чалавечых паводзін.

Святлана СТЫКУЦЬ.