Праца знойдзецца для ўсіх
У райвыканкаме адбылося пасяджэнне пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Ляхавіцкага раёна. Удзел у ёй прыняў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе № 7 Георгій Хлябовіч.
– Уваходжу ў склад парламенцкай пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. Дэпутаты ініцыююць прапановы ў сферы працоўных адносін і сацыяльнай абароны. Адна з асноўных задач работы камісіі – садзейнічанне стварэнню дастойных умоў працы, магчымасці атрымаць дастойную заработную плату, садзейнічанне занятасці насельніцтва. Калі працуеш над законапраектам, важна ведаць і бачыць, як на практыцы вырашаюцца праблемы. А для гэтага неабходна чуць водгукі людзей, якія ўздымаюць такія праблемы. Не менш важнае і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі, якія займаюцца вырашэннем азначаных пытанняў, – падкрэсліў Георгій Хлябовіч.
На пасяджэнні камісіі разглядаліся справы сямі жыхароў раёна, не занятых у эканоміцы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. З кожным праведзена індывідуальная гутарка. Чатыром чалавекам выдадзены накіраванні на работу – у камунгас і ПМК-13. Грамадзяне ўзяты на кантроль.
– Асноўная задача камісіі – каардынацыя работы па рэалізацыі нормаў Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», у тым ліку шляхам арганізацыі работы па аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзянам,
не занятым у эканоміцы. Пасяджэнні камісіі праводзім двойчы на месяц. Выкарыстоўваем і выязны характар, арганізоўваем пасяджэнні ў аграгарадках і вёсках кожнага сельсавета. Грамадзянін працаздольнага ўзросту павінен працаваць. Тым больш, што зараз у Ляхавіцкім раёне 338 вакансій. Як бачна, можна выбраць дастойнае месца працы. Задача камісіі: дапамагчы ў працаўладкаванні, правесці прафілактычную і растлумачальную работу аб недапушчальнасці асацыяльных паводзін, дармаедства і амаральнага ладу жыцця, – гаворыць старшыня раённага Савета дэпутатаў старшыня камісіі Юрый Чаранкевіч.
– Большасць тых, каго запрашаем на камісію, прыходзяць сюды далёка не першы раз. І зусім нізкі працэнт з іх на самай справе ўладкоўваецца на працу. Многія так і прадаўжаюць нідзе не працаваць, жыць за кошт выпадковых заробкаў ці за кошт родных і блізкіх, некаторыя і ўвогуле ступаюць на супрацьзаконны шлях. Хапае і такіх, хто ігнаруе запрашэнні на пасяджэнні камісіі, – падкрэслівае сакратар камісіі Таццяна Чайкоўская.
Яшчэ адзін аргумент, чаму той, хто нідзе не працуе, усё ж абавязаны знайсці афіцыйны заробак. Таццяна Чайкоўская нагадала, што грамадзянін, які не заняты ў эканоміцы і з’яўляецца ўладальнікам жылля, павінен у поўным аб’ёме аплачваць камунальныя паслугі, у прыватнасці, ацяпленне, газа- і водазабеспячэнне.
– Пастаянна дзеючая камісія прадоўжыць работу па аказанні кансультатыўнай, метадычнай і прававой дапамогі грамадзянам па пытаннях працаўладкавання, а таксама будзе і далей каардынаваць мерапрыемствы, накіраваныя на правя-дзенне прафілактыкі ў адносінах да грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, – падкрэсліў Юрый Чаранкевіч.
Галіна КАНЬКО.