Жаночы погляд на следчую справу

У юрыдычнай прафесіі следчы Ляхавіцкага РАСК Наталля Карпухіна без малога дзесяць гадоў. І, па яе словах, за гэты час не пашкадавала пра зроблены калісьці выбар.

– Мэтанакіравана ішла да работы ў праваахоўных органах. З залатым медалём закончыла сярэднюю школу ў Глуску і паступіла на факультэт эканомікі і права Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала судовым выканаўцам у Баранавіцкім аддзеле прымусовага выканання, – расказвае Наталля Карпухіна.
Аднак заўжды хацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці, па словах Наталлі, больш складаным, тым, што патрабуе дадатковых ведаў, кампетэнцыі. З 20 кастрычніка 2023 года пачаўся новы этап у працоўнай біяграфіі самага маладога следчага раённага аддзела. Расследаванне крымінальных спраў, прыняцце рашэнняў, разгляд матэрыялаў праверак – асноўныя напрамкі работы следчага. З пастаўленымі задачамі, па словах начальніка РАСК Аляксандра Траяноўскага, следчы Наталля Карпухіна спраўляецца добра.
– За няпоўны год у маёй вытворчасці знаходзілася больш за 40 спраў. Добра памятаю першую – крадзеж.
З тых, што найбольш запом-нілася хуткім расследаваннем, – грабёж, падазроны быў затрыманы па гарачых слядах і асуджаны. За час
работы ў следстве ўпэўнілася ў тым, што расследаваць крымінальную справу, працаваць з доказамі прасцей, чым непасрэдныя зносіны з пацярпелымі, сведкамі, падазронымі. Да кожнага з людзей, незалежна ад таго, пацярпелы ён ці падазроны, патрабуецца індывідуальны падыход. Іншы раз бывае даволі складана знайсці той самы ключык, што раскруціць увесь ланцужок злачынства, – адзначае Наталля Карпухіна.
Яна сцвярджае, калі б ні падтрымка, дапамога старэйшых, больш вопытных калег, асабліва настаўніка – старшага следчага Віталія Валошына, было б куды цяжэй разблытваць крымінальныя справы. Наталля разумее, што для ўдасканалення ў прафесіі патрабуюцца не толькі практыка, вопыт, але і веды, таму з інтарэсам адгукаецца на любую магчымасць павышэння кваліфікацыі. Паспяхова прай-
шла збор маладых следчых Брэсцкай вобласці, асвоіла праграму курсаў павышэння кваліфікацыі па тэме «Злачынствы ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій» на базе Інстытута Следчага камітэта.
На нялёгкай службе следчага ў Наталлі Карпухінай атрымліваецца і таму, што дома ў яе надзейны тыл: муж і дзве дачушкі.
Галіна КАНЬКО.