Міжсезонне – для стапрацэнтнай падрыхтоўкі. На сёння ўсе аб’екты народнагаспадарчага комплексу атрымалі пашпарты гатоўнасці (а іх 95), 40 пашпартоў атрымалі цеплакрыніцы

Калі за акном плюс, нават і не думаецца пра нюансы ацяплення. Чаго не скажаш пра зацікаўленыя службы, якія ў міжацяпляльны перыяд імкнуцца выканаць усе арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, каб забяспечыць устойлівае і надзейнае паліва- і энергазберажэнне ў асенне-зімовы перыяд. Адно з пытанняў пасяджэння райвыканкама тычылася менавіта гэтай тэмы.

Як адзначыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская, суб’ектам гаспадарання неабходна было забяспечыць афармленне пашпартоў гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд да 1 верасня. На сёння аб’екты народнагаспадарчага комплексу атрымалі пашпарты гатоўнасці (а іх 95), 40 пашпартоў атрымалі цеплакрыніцы.
Да ацяпляльнага сезона рыхтуюцца арганізацыі розных сфер дзейнасці. Напрыклад, на балансе Ляхавіцкай ЖКГ маецца 25 кацельняў, з якіх сем –
газавых, 18 – цвёрдапаліўных. У сельскай мясцовасці, напрыклад, цяпло вяскоўцам падаюць 20 кацельняў. Варта адзначыць, што папярэдне ляхавіцкі камунгас уклаў нямала сіл і сродкаў, каб падрыхтавацца да пачатку ацяпляльнага сезона, – гэта і прафрамонт абсталявання, на сто працэнтаў прайшлі іспыт цеплавыя сеткі, праведзены капітальныя рамонты двух катлоў і іншае. Нарыхтавана і паліва – на сярэдзіну жніўня лічба склала 4 752 кубічныя метры дроў і
359 кубаметраў шчапы. Як адзначыў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч, сёння стаіць задача забяспечыць патрэбы і насельніцтва ў цвёрдых відах паліва, і рыхтавацца тут трэба загадзя. Старшыням сельвыканкамаў –
даручэнне праманіторыць сітуацыю ў населеных пунктах і патлумачыць жыхарам, што лепш паклапаціцца пра паліва загадзя, а не калі на двары значны мінус.
Шмат увагі было нададзена і ўхіленню негатыўных наступстваў, што прыносіць непагадзь. Сёлета такія выпадкі рэгістраваліся неаднойчы. Пацярпелі і жылы сектар, і будынкі сельгаспрадпрыемстваў, розных устаноў. Пасля шквалістага ветру фіксаваліся і перабоі ў падачы электраэнергіі, справакаваныя дрэвамі, што ўпалі на лініі электраперадачы. Часта, каб часова вырашыць сітуацыю, выкарыстоўваліся рэзервныя крыніцы электраэнергіі. Таму пытанне аб іх гатоўнасці не абмяркоўваецца. Гэта тое, што жыццёва важна і неабходна, засяродзіў увагу кіраўнік раёна Мікалай Мароз.
Свой пласт работы і ў Ляхавіцкага РЭС. Безумоўна, важная частка падрыхтоўкі – рэканструкцыя электрасетак, капрамонт паветраных ліній, комплексных трансфарматарных падстанцый, кабельных ліній і г. д. Аднак актуальным застаецца пытанне выдалення суб’ектаў расліннага свету, што растуць пад лініямі электраперадачы ў сельскіх населеных пунктах.
У такім пытанні, як падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона, дробязяў быць не можа. Як адзначыла Марына Завадская, значная частка работы праведзена і Ляхавіцкім раёнам газазабеспячэння, лясгасам, установамі сацабслугоўвання, Ляхавіцкай ЦРБ, цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, сектарам культуры, аддзелам па адукацыі, ДРБУ-200. Аднак, якім будзе пачатак ацяпляльнага сезона, пакажа мінусавая тэмпература, калі цяпло пойдзе па аб’ектах.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што не павінна быць непадрыхтаванасці да прыходу зімы. Гэта тычыцца і ацяплення, і, у тым ліку, гатоўнасці снегаачышчальнай тэхнікі. У барацьбе са снежнай стыхіяй павінны быць задзейнічаны і актывы камунгаса, і ДРБУ-200, а таксама сельгаспрадпрыемстваў. Такая практыка існуе не першы год і паказвае, што тэхніка прадпрыемстваў расчышчае
не толькі дарогу да сельгасаб’ектаў, але і дарогі агульнага карыстання.
На нарадзе прысутнічаў намеснік начальніка абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыс-таннем ПЭР – начальнік інспекцыйна-энергетычнага аддзела Вячаслаў Нікіцін. Ён адзначыў, усе мэтавыя паказчыкі Ляхавіцкім райвыканкамам выкананы: мэтавы паказчык энергазберажэння, паказчык па долі мясцовых ПЭР, а таксама эканомія ад іх рэалізацыі. Важна, што падрыхтаваны да ацяпляльнага сезона павінны быць усе службы, часам сітуацыя патрабуе каманднага падыходу. Зіма не будзе чакаць, пакуль мы выправім усе пралікі і недахопы, таму варта зрабіць усё неабходнае, каб асенне-зімовы сезон абышоўся без непрыемнасцяў.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.