Ільняны адказ бавоўне. У мінулы чацвер міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь наведаў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»
Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў нашай краіне з мінулага года рэалізуецца ініцыятыва «Адзін раён – адзін праект». Цяпер у рэспубліцы працуюць над 129 праектамі, з якіх рэалізавана ўжо больш за тры дзясяткі.
У мінулы чацвер міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь Юрый Чабатар наведаў Брэстчыну, каб праінспектаваць, як ідзе рэалізацыя праектаў у некаторых раёнах вобласці. Адной з кропак на маршруце міністра стаў Ляхавіцкі раён, дакладней ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Менавіта гэта прадпрыемства рэалізуе інвестыцыйны праект, які тычыцца перапрацоўкі льну і выпуску новай прадукцыі – катанізаванага льновалакна.
Міністр эканомікі Юрый Чабатар разам са старшынёй камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Наталляй Аляхновіч, старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаем Марозам пабывалі ў новым ільнозаводскім цэху, дзе наладжаны выпуск інавацыйнага віду прадукцыі, пазнаёміліся з працэсам вытворчасці.
Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун расказаў, што праект стартаваў у мінулым годзе. Планавалася, што на яго рэалізацыю спатрэбіцца 3,5 мільёна рублёў, а акупіцца ён прыблізна за 4 гады. Аднак дзякуючы эканоміі сродкаў за кошт таго, што завод правёў будаўнічыя работы ўласнымі сіламі і закупіў абсталяванне ў Кітаі па больш нізкай цане, чым планавалася, праект абышоўся ў 1,6 мільёна рублёў.
– У красавіку гэтага года ўстанавілі новае абсталяванне. З мая па ліпень уключна выпусцілі 90 тон катанізаванага льновалакна, якое адразу з цэхаў «паехала» на экспарт, паспяхова рэалізуецца на ўнутраным рынку. Дарэчы, інтарэс да гэтай ільнопрадукцыі расце. Сакрэт такой папулярнасці просты. Катанізацыя – гэта працэс надання валакну тэхналагічных, фізіка-механічных і эстэтычных уласцівасцей, блізкіх да бавоўны. Нездарма яго называюць альтэрнатывай бавоўне. Катанізаванае льновалакно выкарыстоўваецца ў вытворчасці нятканых матэрыялаў, медыцынскай і тэхнічнай ваты. Запатрабавана яно пры будаўніцтве аб’ектаў экалагічнай накіраванасці, дзе выкарыстоўваецца ў якасці ўцяпляльніка. Нельга не ўлічваць і экалагічны складнік. Па эксплуатацыйных уласцівасцях катанізаванае льновалакно пераўзыходзіць матэрыялы з выкарыстаннем шкловалакна, не аказвае шкоднага ўплыву на навакольнае асяроддзе. Увогуле магутнасць новай вытворчай лініі, якая размешчана ў прасторным цэху, разлічана на выпуск 100 тон катанізаванага валакна ў месяц. Палова будзе перапрацоўвацца з уласнай сыравіны, якой
пакуль дастаткова. Але ёсць планы і на закупку льну ў іншых ільнаводаў краіны, – падкрэсліў дырэктар ільнозавода.
Значны і эканамічны эфект ад рэалізацыі праекта па выпуску катанізаванага льновалакна: прырост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі скла-дзе 19 працэнтаў, вытворчыя магутнасці дасягнуць
да 900 тон у год, адпаведна, чакаецца рост заработнай платы. Яшчэ адзін значны плюс ад рэалізацыі праекта – дадаткова створана
24 працоўныя месцы. Гэта даволі ўнушальная лічба для прадпрыемства, дзе сёння на ўсіх участках задзейнічана каля 200 работнікаў.
– Ідэя выдатная, праект арыентаваны на выкарыстанне ў вытворчасці ўласнай сыравіны, што, у сваю чаргу, уплывае на яе канчатковы кошт, – адзначыў Юрый Чабатар.
Таксама міністр эканомікі пацікавіўся ў кіраў-ніка Ляхавіцкага раёна іншымі праектамі, якія рэалізуюцца ў рэгіёне. Размова ішла пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Ляха-віччыны, адкрыццё новых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці і стварэнне новых працоўных месцаў, сітуацыю на рынку працы, інвестпраекты, развіццё прадпрымальніцтва.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.