Пра лясных прафесіяналаў. Сёння Дзень работнікаў лесу!

Ляхавіцкі лясгас сёння аб’ядноўвае шэсць лясніцтваў, ёсць два цэхі дрэваапрацоўкі. Калектыў у складзе 221 работніка клапоціцца пра догляд, выкарыстанне і аднаўленне лясных угоддзяў, якіх
на Ляхавіччыне больш за 54 тысячы гектараў.

Напэўна, у многіх землякоў адно з падраздзяленняў Ляхавіцкага лясгаса трывала асацыюецца з карыснай духмянай смакатой – мёдам. Але не толькі мядовай справай славіцца Востраўскае лясніцтва.

Майстар лесу Валерый Зелянеўскі.

– Тут з году ў год добрыя вытворчыя паказчыкі. Сёння лясніцтва ўзначальвае малады ініцыятыўны кіраўнік
Кацярына Бародзіч. За апошні час значныя змяненні адбыліся ў добраўпарадкаванні тэры-торыі, дзе размяшчаецца адміністрацыйны будынак лясніцтва. Дарэчы, у бліжэйшыя тыдні тут будзе створана школьнае лясніцтва для навучэнцаў Востраўскай СШ, –
расказвае намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка.
Не толькі лес – наша багацце, не меншая каштоўнасць – работнікі лесу, якія, не шкадуючы сіл і часу, дбаюць і клапоцяцца пра лясных насельнікаў: расліны, птушак і жывёл. А яшчэ выратоўваюць лес ад шкоднікаў і займаюцца нарыхтоўкай драўніны. У калектыве з
21 чалавека ёсць і тыя, на каго трымаюць раўненне іншыя.
Сярод перадавікоў майстар лесу Валерый Зелянеўскі, які ў лясной прафесіі, як і ў Востраўскім лясніцтве, 19 гадоў. Ён сам тутэйшы – з Вострава, усе лясныя сцежкі ведае з дзяцінства. Так што, калі рабіў першыя крокі ў якасці лесніка, асаблівых складанасцей у рабоце не адчуваў. З цягам часу дзякуючы мэтанакіраванасці, адказнасці і ўменню арганізаваць работу – сваю і іншых – паступова падымаўся па кар’ернай лесвіцы. Разам з новай пасадай пашырылася і кола абавязкаў. Цяпер Валерый Зелянеўскі ў адказе, у тым ліку, і за пасадку лясных культур, займаецца экалагічнай адукацыяй і выхаваннем вучняў Востраўскай СШ.
Па працы – пашана – гэта і пра шматлікія ўзнагароды, якіх Валерый Зелянеўскі ўдастоены за шматгадовую добрасумленную працу. Вось і сёлета напярэдадні прафесійнага свята Валерыю Зелянеўскаму ва ўрачыстай абстаноўцы ўручана Падзяка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

Вальшчык лесу Аляксандр Сельмановіч.


Менавіта работнікі Востраўскага лясніцтва – адны з першых, хто прыйшоў на дапамогу аграгарадку Востраў і тутэйшым жыхарам для ліквідацыі наступстваў стыхіі, што бушавала ў гэтым населеным пункце 22 жніўня. На вуліцах на тэрыторыі ўстаноў і арганізацый аграгарадка паваленыя моцным ветрам дрэвы з такой жа віртуознасцю, як і на лесасецы, пілаваў вальшчык лесу Аляксандр Сельмановіч. У камандзе з ім і калега Мікалай Зубік.
– Аляксандр Сельмановіч – адзін з вопытнейшых вальшчыкаў у нашым лясгасе. Амаль штогод уваходзіць у тройку прызёраў традыцыйнага раённага конкурсу прафесійнага майстэрства «Лесаруб», а сёлета і ўвогуле стаў пераможцам. Гэта надзвычай адказны работнік, выдатна спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Прычым робіць сваю справу акуратна і дбайна, як і належыць вопытнаму прафесіяналу. На яго рахунку шэраг узнагарод, у тым ліку Мінлясгаса. Днямі Аляксандру Сельмановічу ўручана Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі. Дарэчы, такой жа ўзнагароды ўдастоены станочнік цэха перапрацоўкі драўніны Васілій Хвясько, – адзначае Наталля Адаменка.
Цудоўна, што ёсць такая важная прафесія – вырошчваць лес. І ёсць шчырыя, надзейныя, адказныя людзі, якія звязалі свой лёс з гэтай прафесіяй. Па традыцыі ў трэцюю нядзелю верасня яны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень работнікаў лесу.

Галіна КАНЬКО.