Як на бібліятэчныя імяніны. 15 верасня — Дзень бібліятэк Беларусі

●Бібліятэка ХХІ стагоддзя. Сюды па-ранейшаму не зачыняюцца дзверы, нягледзячы на тое, што ў жыццё трывала ўвайшлі электронныя кнігі, інтэрнэт. А зрабіць падарожжа ў царства кніжных старонак, друкаваных СМІ і глянцавых часопісаў яшчэ больш змястоўным, насычаным, цікавым дапамагаюць супрацоўнікі бібліятэк.

Напярэдадні Дня бібліятэк, які адзначаецца 15 верасня, «ЛВ» завітаў у адну з лепшых сельскіх бібліятэк Ляхавіччыны – Падлескую. Як і кожнага чытача, «веснікаўцаў» ветліва сустракае бібліятэкар Ларыса Глеб. І адразу запрашае ў захапляльную экскурсію па сваёй «гаспадарцы».


– Наша бібліятэка надзвычай багатая для сельскай мясцовасці і налічвае каля 14 тысяч экзэмпляраў мастацкай і навуковай літаратуры, дапаможнікаў, часопісаў, газет, ідзе пастаяннае абнаўленне фондаў. Што б ні гаварылі, кніга па-ранейшаму папулярная і запатрабаваная. Зараз у нас 250 абанентаў, а летам іх колькасць істотна павялічваецца, бо прыязджаюць у госці да бабуль, дзядуляў унукі, і мы стараемся абавязкова запрасіць у бібліятэку, зацікавіць пазнавальнымі мерапрыемствамі: квестамі, літаратурнымі батламі і віктарынамі і, канешне, знаёмствам з кнігай, з паэтамі і пісьменнікамі, – расказвае Ларыса Глеб.


Адметнасць Падлескай бібліятэкі – музейны пакой пад назвай «Беларуская хатка». Яго гісторыя пачалася некалькі гадоў назад са звычайнага куточка ў бібліятэцы.
– Тады збіралі экспанаты ўсім светам. Адгукнулася нямала жыхароў Падлесся і бліжэйшых вёсак. Некаторыя прыносілі рэчы, якімі карысталіся яшчэ напачатку мінулага стагоддзя іх бабулі і дзядулі, з просьбай захаваць. Куфар, ложак, прасы, ліхтары, бязмены, коўдры, ручнікі, разнастайны посуд, у тым ліку драўляны, нават цвёрды адэкалон – далёка не поўны пералік таго, чым багата наша вясковая хатка. Запісана назва кожнага экспаната, як і прозвішча таго, хто зрабіў такі каштоўны падарунак, – гаворыць Ларыса Глеб. Дарэчы, па выніках абласнога конкурсу бібліятэчных праектаў «Сельская бібліятэка – партрэт у сучасным інтэр’еры» ў намінацыі «Матчына хата» дыпломам І ступені ўзнагароджана Падлеская СБ .
Пэўна, зацікавіць і 3D-выстава пра знакамітых людзей з Падлесся: прападобнамучаніка Серафіма архімандрыта Жыровіцкага, Міхаіла Пігулеўскага (пазнаёміў Цітовіча з тутэйшымі спявачкамі, якія сталі першымі ўдзельнікамі Падлескага хору), мастака Мікалая Таранду, заснавальніка Беларус-кага інстытута правазнаўства
Сцяпана Сокала.
Не пакідае абыякавымі прысутных і экспазіцыя, дзе размешчаны старажытныя кнігі, выдадзеныя ў ХVІІІ стагоддзі. Дарэчы, гэтыя выданні перадаў на выставу настаяцель Святадухаўскай царквы ў Падлессі іерэй Уладзіслаў Прымшыц.


У наступным пакоі – сапраўдная краіна дзяцінства з адпаведнай атмасферай і ўтульнасцю: кніжкі можна пачытаць не, як звычайна, за сталом, а камфортна размясціўшыся на мяккім дыване. Побач на галінкі імправізаванага дрэва (вельмі падобнага на сапраўднае) прыляцелі птушкі, на іх крылах намаляваны літары, за кожнай літарай схавана дзіцячая літаратура, назва якой пачынаецца на гэту літару.
Не дзіўна, што ў захапленні ад Падлескай бібліятэкі засталіся ўдзельнікі абласнога семінара бібліятэчных работнікаў. Яны не толькі сталі экскурсантамі, але і з інтарэсам паглядзелі мюзікл «Прымакі», аўтарам вершаў якога з’яўляецца Ларыса Глеб, а музыка ўзята са зборніка «100 песень для Беларусі».
– Некалі мой дзядуля казаў, што, калі я вырасту, буду абавязкова бібліятэкарам. Вельмі любіла кнігі, у пяць гадоў чытала ўсё, што трапляла пад руку. У пачатковых класах перачытала і школьную бібліятэку, і вясковую. Любоў да кнігі, чытання стала прафесіяй, –
дзеліцца бібліятэкар. Ларыса Глеб увогуле надзвычай шматгранны творчы чалавек: спявае, складае вершы, умее іншых зацікавіць ідэямі. А іх у аграгарадскога бібліятэкара шмат.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.