Пра ВРІ і 5 дзён без даведкі. Ці назіраецца наплыў у педыятрычным аддзяленні паліклінікі Ляхавіцкай ЦРБ, высвятляў «ЛВ»

Першыя крокі робіць новы навучальны год. І разам з ім да нас завітаў усплёск вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. І гэта не проста супадзенне. Такое зайздроснае пастаянства медыкі тлумачаць даволі проста: завяршыўся сезон водпускаў і летніх канікулаў, дарослыя вяртаюцца на працоўныя месцы, а дзеці – на вучобу. Ці назіраецца наплыў у педыятрычным аддзяленні паліклінікі Ляхавіцкай ЦРБ, высвятляў «ЛВ».

Сапраўды, пацыентаў нямала, амаль усе яны ў суправаджэнні дарослых. І літаральна ва ўсіх, хто чакаў сваёй чаргі на прыём да педыятра, адна і тая ж прычына звароту: насмарк, кашаль, тэмпература і ўсё іншае, што ўласціва сезонным ВРІ.
– Дачка пайшла ў першы клас. Тыдзень усё было добра, а вось на выхадныя затэмпературыла, пачакалі некалькі дзён і ўсё ж вырашылі
не рызыкаваць і не займацца самалячэннем, прыйшлі на ўрачэбны прыём, – расказвае ляхавічанка.
– У прынцыпе, у такім пад’ёме прастудных захворванняў няма нічога дзіўнага. Летам дзеці не наведваюць школы, больш бываюць на свежым паветры і, адпаведна, рызыка распаўсюджвання ВРІ значна ніжэйшая. З пачаткам навучальнага года яна ўзмацняецца. Што тычыцца сітуацыі ў нашай паліклініцы, то хоць і зваротаў да ўрачоў – педыятраў стала больш, але значнага росту пакуль не рэгіструецца. У чарговы раз раю бацькам прыводзіць дзяцей да свайго ўчастковага педыят-ра, які ведае асаблівасці свайго маленькага пацыента. У асноўным цыркулююць адэнавірусы і іншыя негрыпозныя рэспіраторныя вірусы. Наша галоўная задача – папярэдзіць развіццё масавых ВРЗ, у тым ліку тых, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, – адзначае раённы педыятр Інэса Драздовіч.
Медыкі настойліва рэкамендуюць своечасова і ў абавязковым парадку праходзіць дыспансерызацыю. Калі канкрэтна пра дзяцей, то па словах Інэсы Драздовіч, рабіць гэта трэба раз у год у месяц нараджэння дзіцяці. Дапаможа пазбегнуць інфекцыі і своечасовая вакцынацыя.
– Звычайна ў верасні – пачатку кастрычніка рэкамендуем нашым пацыентам зрабіць прышчэпку супраць грыпу – гэта элементарная, але дзейсная прафілактыка, асабліва для тых, хто часта хварэе і трапляе ў групу рызыкі. Клапатлівыя бацькі абавязкова праводзяць такую вакцынацыю, тым самым мінімізуюць заражэнне ВРІ, – падкрэслівае раённы педыятр.
І яшчэ рэкамендацыі ад медыкаў: у перыяд пад’ёму вострых вірусных інфекцый пажадана пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей, а захварэлым, асабліва дзецям, не спяшацца ў паліклініку, а лепш выклікаць урача на дом. Не варта забываць пра выкананне правілаў асабістай гігіены, рэспіраторнага этыкету.
Згодна з пісьмом Міністэрства аховы здароўя, калі ў перыяд пад’ёму захворвання віруснымі інфекцыямі ў дзіцяці (дашкольніка, навучэнца, студэнта) выяўляецца вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя, то хворыя могуць адсутнічаць на занятках у дзіцячых садках, школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах на працягу пяці дзён без даведак. Такія меры прымаюцца, каб папярэдзіць актыўнае распаўсюджванне інфекцыі.
– Алгарытм даволі просты. Пачаўся ўсплёск ВРІ (у нашым раёне ён назіраецца ўжо з мінулага тыдня), дзіця захварэла, з’явіліся такія сімптомы, як кашаль, насмарк, павышэнне тэмпературы. У такім выпадку можна на працягу да пяці дзён лячыць дзіця дома і потым, калі хвароба заціхае, адпраўляцца ў школу без даведкі ўрача, што пацыент здаровы. Але калі праз некалькі дзён пасля пачатку захворвання сімптомы не змяншаюцца, трымаецца тэмпература, у абавязковым парадку варта звярнуцца за медыцынскай дапамогай у паліклініку ці выклікаць урача на дом. Галоўнае, не дапусціць ускладненняў, – гаворыць Інэса Драздовіч.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.