Паказвае «Беларусь». У мінскім кінатэатры «Беларусь» адбыўся прэс-паказ фільма «Чорны замак»
У мінскім кінатэатры «Беларусь» адбыўся прэс-паказ фільма «Чорны замак». Першымі гледачамі эпічнай, як здаецца, кіналенты сталі журналісты рэспубліканскіх і рэгіянальных электронных і друкаваных СМІ.
Перш чым паглыбіцца ў экранныя таямніцы «Чорнага замка», здаецца абавязковым некалькімі сказамі «адсалютаваць» новаму старому кінатэатру. «Дэманстрацыйнае поле» кінатэатра складаецца з некалькіх залаў. Што называецца, пад запыты і патрэбы канкрэтнага гледача. У тым ліку прапаноўваюцца розныя ўмовы размяшчэння апошняга, «падачы» гукавой дарожкі і іншыя мегасучаснасці.
Для прэс-паказу была задзейнічана самая ўмяшчальная з залаў, якая была запоўнена з аншлагам.
Сігналам да прафесійных дзеянняў медыйшчыкаў стала з’яўленне ў фае кінатэатра некаторых з удзельнікаў творчай групы «Чорнага замка» ў асобе аўтара сцэнарыя і прадзюсара карціны Глеба Шпрыгава, рэжысёра-пастаноўшчыка Кірыла Кузіна, мастака-пастаноўшчыка Наталлі Навоенка, выканаўцы ролі каралеўскага суддзі Станкевіча народнага артыста Расійскай Федэрацыі Віктара Вяржбіцкага. Вядомы расійскі акцёр карыстаўся павышанай увагай публікі. Быў добразычлівым, выключна карэктным, нікому
не адмаўляў у просьбе зрабіць сумеснае фота, разгорнута адказваў на пытанні публікі. Фактычна ўвесь час да пачатку сеанса знаходзіўся ў цесным коле журналісцка-глядацкай увагі.
Віктар Вяржбіцкі паведаміў, што работа на здымачных пляцоўках «Чорнага замака» – вялікая адказнасць. У тым ліку і з пазіцыі таго, што варыянт экранізацыі вядомага рамана Уладзіміра Караткевіча ўжо дзясяткі гадоў, як існуе. Маўляў, дасведчаны глядач мае права параўноўваць тое і цяперашняе кіно. Пры гэтым прызнаўся, што гістарычную тэму ў кіно лічыць адной са сваіх.
Аднак «Чорны замак» не з’яўляецца і не павінен успрымацца як экранізацыя «Чорнага замка Альшанскага». Так, фільм зняты па матывах вядомага твора любімага многімі беларускага літаратара Уладзіміра Караткевіча. Але ў напісаным да фільма сцэнарыі Глеба Шпрыгава нямала вольных трактовак, паваротаў, адметнасцяў і несупадзенняў з літаратурнай класікай Караткевіча. Мэта, як думаецца, зразумелая: прыўнесці ў ход экраннага апавядання больш экшану, дынамікі падзей, якія разгортваюцца і тычацца як мага большай колькасці кінагерояў. І тым самым максімальна пашырыць яго глядацкую запатрабаванасць.
Ёсць істотная ў тым упэўненасць, што «Чорны замак» такім і абяцае стаць – цікавым для самай рознай аўдыторыі. Яшчэ і таму, што з’яўляецца і ўспрымаецца і як дэтэктыў, і ў якасці фэнтэзі на гістарычную тэматыку. Карацей, кіно два ў адным, як мінімум. На экране гарманічна знаходзіцца месца дынамічным і яркім батальным сцэнам, адмысловасці і гістарычнай адпаведнасці якім дабаўляюць магчымасці сучаснай камп’ютарнай графікі. Таксама, як і гістарычна-архітэктурнае багацце Беларусі. Здымкі карціны, наколькі можна меркаваць, праходзілі на больш як дзясятку лакацый нашай краіны. Напрыклад, у Лідзе, Гродне, у абрамленні старажытных сцен Мірскага замка і іншых. І гэта толькі тое, што з лёгкасцю здольны разглядзець кожны.
– Калі я прачытаў сцэнарый, то ўпэўніўся ў правільнасці рашэння пайсці больш у забаўляльную гісторыю. Таму што кнігу трэба чытаць, а кіно – гэта некалькі іншае. Нам неабходна было з аднаго боку не чапаць глыбіню, закладзеную ў твор Караткевічам, з іншага – зрабіць так, каб сучасны глядач не пачаў глядзець у тэлефон праз 20 мінут, – адзначыў рэжысёр-пастаноўшчык кінакарціны Кірыл Кузін.
Пра што карціна? Малады гісторык Антон Косміч спрабуе разгадаць-разабрацца ў тайнах і інтрыгах беларус-кай шляхты мінулых тысячагоддзяў, знайсці скарб Альшанскага замка, зразумець падзеі і абставіны, даведацца пра асоб, што маюць дачыненне да забойства яго сябра. Адметнасць кінаапавядання заключаецца ў тым, што сучаснасць месцамі перасякаецца з падзеямі мінулага часу.
Фільм «Чорны замак» зняты ў 2024 го-
дзе РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» і ТАА «Нью Арт Сінема Прадакшн» Расійскай Федэрацыі. У пракаце ён з’явіцца 12 снежня і стане падарункам да надыходзячага векавога юбілею беларускага кінематографа. Ён таксама прыме ўдзел у XXX Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.