У нядзелю на веласіпедную прагулку. Сусветны дзень без аўтамабіля адзначаецца 22 верасня

Сусветны дзень без аўтамабіля, які адзначаецца 22 верасня, ставіць перад сабой мэту звярнуць увагу на праблему забруджвання атмасфернага паветра выкідамі ад транспарту. У Беларусі акцыя «Дзень без аўтамабіля» праводзіцца з 2008 года.

На Ляхавіччыне да экалагічнай акцыі быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў, расказала «ЛВ» начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.
Так, 19 верасня ў СШ № 2 падчас інфармацыйнай гадзіны гаварылі пра важнасць ашчаднага стаўлення да прыроды і важнасць чыстага паветра для здароўя чалавека.

Супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з супрацоўнікамі АДАІ правялі ў райцэнтры, так сказаць, падрыхтоўчую работу перад 22 верасня – прапанавалі вадзіцелям у нядзелю перасесці на веласіпед і іншыя сродкі індывідуальнай мабільнасці ці скарыстацца грамадскім транспартам. Дарэчы, у Беларусі з 16 па 22 верасня аб’яўлены тыдзень мабільнасці, які фінішуе акцыяй «Дзень без аўтамабіля». У гэты дзень у Ляхавічах права бясплатнага праезду ў гарадскім аўтобусе будзе прадастаўлена пры прад’яўленні вадзіцельскага пасведчання і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
А ў суботу, 21 верасня, навучэнцы Падлескай базавай школы разам з педагогамі і бацькамі адправяцца ў велапрабег, на маршруце якога — ўскладанне кветак да магілы невядомага салдата.
– Дзень без аўтамабіля – гэта магчымасць асэнсаваць важнасць здаровага ладу жыцця, цікава правесці час і ўнесці ўклад у «здароўе» роднага горада, паляпшэнне якасці яго паветра. Згодна з данымі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у дні правядзення акцыі «Дзень без аўтамабіля» выкіды забруджвальных рэчываў у паветра змяншаюцца ад 100 да
200 тон. Прапаную ўсім землякам 22 верасня далучыцца да акцыі «Дзень без аўтамабіля», – запрашае Іна Траяноўская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.