Дзесяць плюс шэсць. Хто на Ляхавіччыне ў верасні згуляў вяселле

У жніўні на Ляхавіччыне зарэгістравана 16 нараджэнняў, 11 з іх – у райцэнтры, расказала начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.

У Навасёлкаўскім сельвыканкаме выдадзены два пасведчанні аб нараджэнні, па адным – у Жарабковіцкім, Конькаўскім і Альхоўскім. У жніўні назіралася колькасная перавага сярод нованароджаных дзяўчынак – дзесяць супраць шасці хлопчыкаў. Сваіх дочак бацькі назвалі Ангелінай, Арынай, Вікторыяй, Дарынай, Ясеніяй, Ліліяй, Вольгай,
Палінай і Евай. Імя Ева атрымалі дзве дзяўчынкі. Сярод хлопчыкаў былі Арцём, Ягор, Мацвей, Павел, Цімафей і Яраслаў. Здаравячком месяца стала Арына, якая нарадзілася вагой 4 010 грамаў пры росце
57 сантыметраў. Дзюймоўкай лічыцца Вікторыя, вага якой пры нараджэнні склала 2 550 грамаў, а рост – 49 сантыметраў. У сем’ях яны першынцы.
У жніўні першае дзіця зарэгістравана ў дзевяці сем’ях, другое дзіця – у трох. Тры сям’і набылі статус мнагадзетных, у адной сям’і нарадзілася чацвёртае дзіця. Сярэдні ўзрост жнівеньскага бацькі – 31 год, маці – 28. Мінімальны ўзрост бацькі – 27, маці – 19 гадоў. Адзін з нашых землякоў стаў бацькам у 37 гадоў, жыхарка Ляхавіччыны стала маці ў 35-гадовым узросце.
У жніўні ў аддзеле загса райвыканкама зарэгістравана дзевяць шлюбаў, марш Мендэльсона гучаў і ў Альхоўскім сельвыканкаме.
Сярэдні ўзрост жаніха – 37 гадоў, нявесты – 35. Юнымі маладымі ў жніўні лічацца 23-гадовы жаніх і 21-гадовая нявеста. Узрост не перашкода сямейнаму шчасцю. У жнівеньскі дзень заручальнымі пярсцёнкамі абмяняліся жыхары Ляхавіцкага раёна – 67-гадовы жаніх і 70-гадовая нявеста.
Дарэчы, урачыстую цырымонію заключэння шлюбу супрацоўнікі аддзела загса райвыканкама праводзяць не толькі ў сценах афіцыйнай установы, але і па месцы правядзення вяселля. Так, у жніўні адбыліся дзве выязныя рэгістрацыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.