Завулак Лермантава абмінулі? На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанаваў жыхар вёскі Флер’янова Ляхавіцкага раёна

На гарачую лінію «ЛВ» патэлефанаваў жыхар вёскі Флер’янова. Па словах мужчыны, 16 верасня (як і належыць па графіку, кожны другі панядзелак месяца) машына для вывазу смецця з Ляхавіцкага камунгаса прыязджала ў Флер’янова па тых адрасах, дзе заключылі з Ляхавіцкай ЖКГ дагавор на вываз смецця. Мяхі са смеццем забралі з усіх вуліц і завулкаў гэтай вёскі. А вось завулак Лермантава,
на якім і жыве заяўнік, камунгасаўская машына абмінула. Засталіся мяхі са смеццем стаяць каля двароў тутэйшых жыхароў. Дарэчы, па словах вяскоўца, такі выпадак раней ужо меў месца.
Раёнка звярнулася да кіраўніцтва КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» за тлумачэннямі.
– Справа ў тым, што ў панядзелак машына, якая выехала на збор смецця, запоўнілася даволі хутка. Не па ўсіх адрасах удалося сабраць выстаўленыя гаспадарамі цвёрдыя бытавыя адходы, тычыцца гэта і завулка Лермантава ў Флер’янове. 17 верасня работы прадоўжыліся, да вечара ўсё смецце было вывезена, – паведаміў першы намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Ігар Шырэй.
Сітуацыя станоўча вырашылася ў аўторак вечарам – гэта пацвердзіў вясковец, які і расказаў «ЛВ» пра смеццевую праблему.

Галіна КАНЬКО.