Ураджайны плён ільнопалеткаў. ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» завяршыў сезон нарыхтоўкі сыравіны
Сёння, трымаючы маршрут непадалёку комплексу заводскіх шох, можна ўбачыць іх поўную загружанасць. Ды яшчэ і з дастаткова важкай дабаўкай.
Ці не аптымізм гэта для калектыву работнікаў, не ўпэўненасць у тым, што на працягу ўсяго доўгага сезона перапрацоўкі льнотрасты ніякіх перабояў не здарыцца. А, магчыма, сотню-другую тон ураджаю-2024 атрымаецца зарэзерваваць у якасці «пераходнага фонду».
Са сваіх 2,2 тысячы палявых гектараў заводскія льнаводы паднялі нязначна менш за 9 000 тон трасты. Яе сярэдні нумар, а гэта асноўная характарыстыка паказчыкаў якасці, адну сотую долю не дацягнуў
да адзінкі. З кожнага сярэдняга гектара пасеваў сабрана больш за 40 цэнтнераў ільнопрадукцыі. Для параўнання можна заўважыць, што аналагічны сярэднеабласны паказчык да названай ураджайнасці не дацягвае.
Гэта, што тычыцца работы выключна заводскага «цэха пад адкрытым небам». А ёсць яшчэ дзелавыя партнёры, якія таксама займаюцца вырошчваннем паўночнага шоўку і атрыманую трасту пастаўляюць на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Такіх партнёраў два: Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя і Баранавіцкі райаграсэрвіс. Іх узнос у папаўненне сыравіннай базы завода здаецца істотным. Са свайго 364-гектарнага поля льнонасенстанцыя падняла больш як 1 500 тон трасты. Прычым сярэднім нумарам 1,17 і ўраджайнасцю 41,7 цэнтнера з кожнай адзінкі плошчы.
Не падвялі і баранавіцкія суседзі. А сумарны «склад» трасты завода заважыў больш за 12 000 тон.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.