Ініцыятывы пачуты. Вынікі відавочныя. Ідэі многіх праектаў, якія рэалізуюцца на Ляхавіччыне, пачуты падчас прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях
Гэта наша гісторыя
Ідэі многіх праектаў, якія рэалізуюцца на Ляхавіччыне, пачуты падчас прыёмаў грамадзян па асабістых пытаннях. Так, з прапановай устанавіць памятны знак спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна звярнулася ініцыятыўная група, у складзе якой дэпутаты, стараста, педагогі, культработнікі з аграгарадка Малое Гарадзішча і бліжэйшых вёсак. Трагічны лёс спаленай карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі Хатынь раздзялілі 48 населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна, а вёска Свяціца гарэла двойчы.
Неабыякавыя землякі прапанавалі ўстанавіць у вёсцы Марынова каля аўтадарогі рэспубліканскага значэння Р-43 памятны знак спаленым
вёскам Ляхавіччыны. Як сімвал памяці, як наказ сённяшнім пакаленням берагчы мір. Дарэчы, на трэці дзень вайны, у чэрвені
1941 года ў Марынова было спалена 16 хат і забіта трое тутэйшых жыхароў.
– Ініцыятыва была пачута і пачалася яе рэалізацыя. Райвыканкамам і райсаветам арганізаваны і праведзены раённы конкурс эскізных праектаў «З памяццю ў сэрцы» па стварэнні макета памятнага знака. Вырашаны разнастайныя арганізацыйныя моманты, зямельныя пытанні. Атрымана заключэнне дзяржаўнай будаўнічай экспертызы. Па папярэдніх падліках агульны кошт праекта – звыш 270 тысяч рублёў. Адзначу, што ініцыятыўнасць жыхароў раёна была значнай і тады, калі яны актыўна ўключыліся ў распрацоўку праекта памятнага знака, так і ў зборы сродкаў для рэалізацыі, – гаворыць Юрый Чаранкевіч.
Ініцыятыва па стварэнні памятнага знака стала пераможцай праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Арганізатарам конкурсу з’яўляецца абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.
На конкурс было даслана 10 праектаў. Пераможцы атрымалі фінансаванне на рэалізацыю ідэй: так на ляхавіцкі праект выдаткоўваецца 80 650 рублёў.
ІНІЦЫЯВАЛІ. ПАДХАПІЛІ. РЭАЛІЗАВАЛІ
Нямала прыкладаў, калі вырашэнне пытанняў землякі знаходзяць самастойна, праяўляючы ініцыятыву і неабыякавасць. Напрыклад, старасты вёсак Ганчароўскага сельсавета прапанавалі вяскоўцам сабраць сродкі, каб выдаліць аварыйныя і старыя дрэвы з вясковых могілак. Падтрымалі! Асабліва пастараліся ў Падбароччы, Нябярэжнай, Залужжы, Нівішчах. Тутэйшы стараста Валянціна Маслоўская сабрала каля 5 000 рублёў. Усяго з могілак на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета выдалена не адна сотня дрэў.
Сваё гаспадарскае слова сёлета сказалі і жыхары Востраўскага сельсавета.
– На некаторых вясковых могілках даўно патрабуецца замена агаро-
джы. Зразумела, што немагчыма адначасовае фінансаванне ўсіх аб’ектаў такога кшталту. У справе – сумесная ініцыятыва жыхароў вёскі Гута, дэпутатаў Востраўскага сельвыканкама вырашыць сітуацыю наступным чынам: сабраць сродкі і замяніць агароджу. Сабралі больш за 3 200 рублёў, на гэтыя сродкі заказалі новую агароджу ў Ляхавіцкім камунгасе. Так, на могілках у Гуце ў чэрвені – ліпені замест драўлянай з’явілася бетонная агароджа. Дарэчы, на яе выраб і ўстаноўку, акрамя сродкаў, сабраных насельніцтвам, значная сума – больш за 6 000 рублёў – выдаткавана з бюджэту. Падхапілі ідэю і жыхары Кулікоў: на тыя ж мэты сабрана 4 300 рублёў. Як паабяцалі ў камунгасе, да канца кастрычніка і на могілках у Куліках з’явіцца новая агароджа. Гэта стала магчымым, і за гэта вялікі дзякуй старастам вёсак, дэпутатам Востраўскага сельскага Савета дэпутатаў, дэпутату райсавета дэпутатаў па Востраўскай выбарчай акрузе № 26 Сяргею Ваўчку і, канешне, тым вяскоўцам, якія далучыліся да такой справы агульнай важнасці, – адзначае старшыня Востраўскага сельвыканкама Дзмітрый Гібеж. Абнавіць агароджы за кошт уласнага фінансавання выказалі жаданне жыхары Рагачоў і Любеек.
Цікавая ініцыятыва прагучала і ад жыхароў Заліпення. І хоць вёска адносна невялікая (тут пражывае каля 150 чалавек) летам яна ажывае – да бабуляў і дзядуляў прыязджаюць пагасціць дзеці, унукі, праўнукі. Вось вырашылі вяскоўцы пад кіраўніцтвам старасты Валянціны Дыдышка ў цэнтры вёскі ўладкаваць дзіцячую пляцоўку. Першыя крокі ў рэалізацыі міні-праекта ёсць. Адзін з вяскоўцаў паабяцаў сплесці валейбольную сетку. Чым не прыклад для пераймання?
Талака – стваральная сіла
Разам мы можам многае. Самае красамоўнае пацвярджэнне сказанага – падрыхтоўка сталіц раённага фестывалю-кірмашу «Дажынкі». За апошнія тры гады свята прымалі аграгарадкі Навасёлкі, Нача, вёска Галаўнінцы. Літаральна за некалькі месяцаў кожны з гэтых населеных пунктаў істотна папрыгажэў, стаў больш утульным і камфортным. А колькі новых аб’ектаў з’явілася!
– Трэба аддаць належнае землякам, дзякуючы іх ініцыятыўнасці, жаданню зрабіць сваю малую радзіму яшчэ лепшай вырашаюцца многія сацыяльныя, бытавыя пытанні. Надзвычай запатрабаваны ў сельскага насельніцтва сходы грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Напрыклад, напачатку мінулага года такі сход прайшоў у вёсцы Галаўнінцы – сталіцы раённых «Дажынак-2023», –
расказвае кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.
Тады вяскоўцы ўзнялі шэраг пытанняў. І амаль усе яны былі вырашаны да галоўнага хлебаробскага свята. Адноўлена работа мясцовага Дома культуры, заменена на энергаэфектыўнае вулічнае асвятленне, новае асфальтавае пакрыццё ўпрыгожыла некаторыя вуліцы, капітальна адрамантавана водаправодная сетка. Пасля шматгадовага перапынку запрацаваў фантан у цэнтры Галаўнінцаў. А кветкавы палас, які раскінуўся па ўсёй дажыначнай сталіцы, – справа рук жыхароў Галаўнінцаў, якія самі ініцыявалі не адзін суботнік. Дапамагалі ім у рэалізацыі прыгожай справы дэпутаты райсавета і Крывошынскага сельскага Савета дэпутатаў, якія неаднойчы высаджвалі свае працоўныя дэсанты ў Галаўнінцах.
Важна і тое, што работы не спыняюцца. Вось і сёлета некалькі дзясяткаў дамоў у Галаўнінцах падключаюцца да цэнтралізаванага
ацяплення.
МЕРКАВАННЕ
Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў:
Многія пытанні, узнятыя насельніцтвам, вырашаны, ёсць канкрэтная дапамога па канкрэтных адрасах. Станоўчы вынік тлумачыцца яшчэ і тым, што наладжана цеснае ўзаемадзеянне раённых выканаўчай і заканадаўчай улад. На нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка пазначыў галоўнае правіла для кіраўнікоў розных узроўняў у рабоце з насельніцтвам: людзей трэба слухаць, з людзьмі трэба размаўляць і належным чынам рэагаваць на пытанні, якія яны ставяць перад прадстаўнікамі ўлады. Лічу, што дэпутацкі корпус не выключэнне. Народныя абраннікі ў сваёй рабоце арыентуюцца менавіта на патрэбы людзей, што, у сваю чаргу, садзейнічае паляпшэнню якасці жыцця насельніцтва, развіццю рэгіёна.
– Асноўнае ў дэпутацкай дзейнасці – адказнасць перад людзьмі, якія выбралі цябе, якія табе паверылі і даверылі прадстаўляць іх інтарэсы. Па сутнасці, пастаянна здаеш экзамен на кампетэнтнасць, уважлівасць, важна вырашыць задачу і ўбачыць новую, за якую таксама ў адказе. У дэпутацкай рабоце, незалежна ад таго, якога ўзроўню народны абраннік, бяздзейнасць недапушчальная, –
адзначае кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч.