У восеньскага прыбірання свае правілы. У мінулую пятніцу супрацоўнікі РАНС разам з карэспандэнтам «ЛВ» адправіліся ў прафілактычны рэйд
Часам безабіднае навядзенне парадку на прысядзібным участку заканчваецца вогненным здарэннем – людзі атрымліваюць апёкі, згараюць дамы і гаспадарчыя пабудовы. У гарачае сухое надвор’е дастаткова непатушанай запалкі, недакурка, каб успыхнуў агонь. За 8 месяцаў 2024 года ў краіне зарэгістравана больш за 2 000 пажараў у прыродных экасістэмах, на якіх чатыры чалавекі загінулі і чатыры траўмаваны. У 1 837 выпадках гарэла трава на плошчы больш за дзве сотні гектараў.
Днямі супрацоўнікі РАНС выязджалі ў Свяціцу, дзе полымя ахапіла сухую расліннасць. Выратавальнікі аператыўна прыбылі на месца выкліку і ліквідавалі ўзгаранне. На Ляхавіччыне летам быў зарэгістраваны трагічны выпадак, калі вясковец спрабаваў спаліць смецце з дапамогай бензіну ў металічнай бочцы. У выніку ўспышкі 57-гадовы мужчына атрымаў апёкі, несумяшчальныя з жыццём.
– Штогод сярод асноўных прычын узгаранняў у прыродных экасістэмах вылучаюць неасцярожнае абыходжанне з агнём і выпальванне сухой расліннасці. Ахвярамі такіх здарэнняў становяцца таксама пенсіянеры, якія наводзяць на ўчастках парадак. Таму прафілактычнай рабоце надаём асаблівую ўвагу. Каб папярэдзіць выпальванні травы, супрацоўнікі РАНС выкарыстоўваюць розныя формы прафілак-тычнай дзейнасці, сярод якіх інфармаванне насельніцтва, маніторынгі, рэйды па населеных пунк-тах раёна. Пабывалі ўжо ў Крывошынскім, Конькаўскім, Ганчароўскім, Альхоўскім сельсаветах, – падкрэслівае інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна, якая ў мінулую пятніцу разам з карэспандэнтам «ЛВ» адправілася ў прафілактычны рэйд, каб нагадаць вяскоўцам і аграгараджанам пра асноўныя правілы пажарнай бяспекі пры навядзенні парадку на прысядзібнай тэрыторыі.
На маршруце – Жарабковіцкі сельсавет, дзе сёлета ў параўнанні з мінулым годам за аналагічны перыяд амаль у два разы павялічылася колькасць пажараў – з трох да пяці.
…У Патапавічах над дамамі цягнецца шлейф дыму. Заходзім у адзін з двароў, дзе насустрач выходзіць гаспадар дома Валерый Аляксандравіч. Высветлілася, што нехта запаліў касцёр у полі за хатамі, а вясковец пачуў пах гару і паспеў прыняць меры пажарнай бяспекі. Інспектар РАНС расказала, пры якім надвор’і лепш спальваць смецце і што трэба мець пры сабе. Па-першае, трэба пераканацца, што месца знаходзіцца на дастатковай адлегласці ад будынкаў, дрэў і іншых гаручых матэрыялаў. Важна не пакідаць вогнішча без нагляду. Пасля трэба праверыць, што вогнішча цалкам загашана. Пад рукой павінна быць вядро з вадой ці пяском для тушэння магчымых узгаранняў. Важная акалічнасць: смецце ці
сухую траву трэба спальваць у бязветранае надвор’е.
Наступным пунктам рэйду сталі Жарабковічы. Праехаўшы па аграгарадку, ні слупоў дыму, ні вогнішча тут не ўбачылі. На адной з вуліц у агародзе завіхалася мясцовая жыхарка Ганна Міхайлаўна, якая адзначыла, што выкананне правілаў пажарнай бяспекі для яе –
норма жыцця. Гаспадыня падзялілася, што арганічныя адходы не спальвае, а збірае на працягу сезона, каб пасля вывезці. Для іх збору загадзя рыхтуе месца і акуратна складзіруе. Нягледзячы на дасведчанасць аграгараджанкі, інспектар РАНС уручыла ёй тэматычную памятку па бяспечнай утылізацыі сухой расліннасці, пажніўных рэшткаў.
На вуліцы Садовай у двары дома № 51 парадак і чысціня. Тут жывуць Уладзімір Аляксеевіч і Аляксандра Канстанцінаўна. Накіроўваемся да іх. Пенсіянеры адзначаюць, што ведаюць, як бяспечна збіраць сухую траву і пус-тазелле. Падкрэсліваюць, што звычайна спальваюць толькі галлё, і то пасля буры. А бытавое смецце забірае камунгасаўская машына. Інспектар РАНС разам з уручэннем памяткі нагадала, што калі гаспадары будуць разводзіць вогнішча на ўчастку, то побач павінны быць першасныя сродкі вогнетушэння – вядро з вадой, пясок, рыдлёўка.
У Патапавічах увагу прыцягвае ўчастак, на тэрыторыі якога гарыць вогнішча. Побач – гаспадар. Пенсіянер прызнаецца, што зішчае рэшткі з агарода. Інспектар РАНС адабрае месца развядзення агню – на бяспечнай адлегласці ад агароджы і збудаванняў. Вогнішча раскладзена на ўзрытай зямлі, і вакол па крузе скошана трава, якая магла б загарэцца. Таццяна Калгушкіна цікавіцца, ці ўстаноўлены ў доме АПА, нагадвае тэлефоны службы МНС – 101 ці 112.
– Кожны з нас добра ведае правілы пажарнай бяспекі. Але людзі, часам, жадаючы сэканоміць час, грэбуюць імі. Важна ў пытаннях бяспекі самім быць пільнымі і паказваць станоўчы прык-лад сваім дзецям, – адзначае Таццяна Калгушкіна.
Дарэчы, згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. У адпаведнасці з артыкулам 16.41 за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да
12 базавых велічынь. У выпадку прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое прывяло да ўзнікнення пажару і знішчэння або пашкоджання чужой маёмасці, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 30 БВ.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.