Яшчэ больш лёгкай атлетыкі. Мінулыя пятніца-субота прайшлі ў Ляхавіцкім раёне пад знакам каралевы спорту

Мінулыя пятніца-субота прайшлі ў Ляхавіцкім раёне пад знакам каралевы спорту. Яе на «Коласе» было многа і ў выкананні рознаўзроставых удзельнікаў. «Давалі» не толькі бег – былі і гарызантальныя скачкі, і штурханне ядра.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Але ж дамінантнай дысцыплінай з‘яўляўся бег. На прыкладна 1 000 метраў, эстафетны, сярэднія 600 і спрынтарскія 60 метраў. У суботу на бегавой дарожцы гарманічна сышліся «Ляхавіцкія мілі дабра» і «Адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы памяці майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча».
Удзельнікаў, гледачоў, гасцей і проста сяброў атлетыкі стадыён «Колас» сустракаў у святочным убранні, рытмамі музыкі і запоўненымі трыбунамі.


Але спачатку цырымонія афіцыйнага адкрыцця спартыўнай актыўнасці два ў адным. Удзел у ёй прыняло кіраўніцтва раёна.
– Быў чалавек, зямляк, які з поспехам і гонарам прадстаўляў Беларусь, Брэсцкую вобласць і Ляхавіччыну на самых высокіх міжнародных спартыўных арэнах. Які бясконца любіў зямлю, на якой рабіў першыя, у тым ліку і ў спорце, крокі, – адзначыў у памяць Генадзія Іванавіча старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.


Ужо больш за чатыры гады, як былога еўрапейска чэмпіёна і рэкардсмена свету па трайным скачку ў памяшканнях няма з намі. Застаецца шчырая памяць землякоў, прысвечаны ёй адкрыты лёгкаатлетычны турнір, куратарства над якім узяў сын чэмпіёна Дзмітрый Валюкевіч. Сам спартсмен – МСМК па трайным скачку, які кожны год (ужо чацвёрты раз) асабіста наведвае турнір-мемарыял. Прыязджае са шчырымі словамі ў гонар арганізатараў і ўдзельнікаў, з не менш шчырымі і каштоўнымі падарункамі пераможцам і прызёрам у кожнай з турнірных дысцыплін.
Але спачатку была «сямейная міля». Да забегу на «мілю дабра» заявіліся да паўтары сотні сямейных каманд. Былі нават «матарызаваныя»: з падачы дыктара па стадыёне такое вызначэнне атрымалі сямейныя каманды, якія стартавалі і фінішавалі з дзіцячай каляскай наперадзе. Ад арганізатараў забегу кожны юны фінішор атрымаў медаль. А шквал глядацкіх апладысментаў чакаў на фінішы ўсіх і кожнага.
«Ляхавіцкія мілі дабра» сталі своеасаблівым пралогам да чацвёртага адкрытага турніру па лёгкай атлетыцы памяці МСМК Генадзія Валюкевіча сярод юнакоў і дзяўчат 2010 года нараджэння і больш малодшых, які сабраў спартсменаў з Баранавічаў, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Пінскага, Столінскага раёнаў. На праве гаспадароў Ляхавіччына была прадстаўлена дзвюма камандамі – ДЮСШ раёна і аддзела па адукацыі райвыканкама. Былі таксама юныя лёгкаатлеты з горада над Бугам – навучэнцы абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Адзін толькі гэты пералік, думаецца, можа сведчыць аб моцным прадстаўніцтве, вострай барацьбе на бегавой дарожцы, яме для скачкоў і ў сектары для штурхання ядра. Што ў большасці выпадкаў і было ў рэальнасці, назіралася на працягу ўсіх двух дзён спаборніцтваў. Што да асабістых уражанняў, то найбольш эмацыянальны след у свядомасці пакінулі бегавая эстафета і спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе.

Пераможцы і прызёры атрымалі свае заслужаныя граматы, медалі і каштоўныя прызы. Як адзначыў Дзмітрый Валюкевіч, каштоўныя прызы былі набыты за сродкі ТАА «Вест інжынірынг», арганізацыі, дзе працаваў Генадзій Валюкевіч.
Кубак за агульнакамандную перамогу на турніры паехаў у суседнія Ганцавічы, аб’яднаная каманда нашага раёна стала другой. Бронза дасталася гараджанам з Баранавічаў.
Гэтыя дзве спартактыўнасці дня сталі магчымы дзякуючы таксама раённым уладам, работнікам Ляхавіцкага ФСК і ДЮСШ раёна, мецэнатам і валанцёрам.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.