Братэрская дапамога. Ляхавічане прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскай гуманітарнай акцыі «Спіна да спіны»

Ляхавічане заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі тым, хто апынуўся ў бядзе, што пацвердзіў актыўны ўдзел нашых землякоў у рэспубліканскай гуманітарнай акцыі «Спіна да спіны».

На аб’яўлены заклік раённай арганізацыі РГА і Беларускай партыі «Белая Русь» па аказанні дапамогі жыхарам Курскай вобласці Расіі адгукнуліся як калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, так і нераўнадушныя гараджане. Да дабрачыннай акцыі першымі далучыліся рэдакцыя раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» і раённае аддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь», эстафету падхапілі пярвічкі ТЦСАН, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», калектывы гарадскога Дома культуры, дзіцячага сада № 1 і іншыя.
– Прыемна адзначыць зацікаўленасць, спагадлівасць і разуменне нашых землякоў, сярод якіх не толькі члены раённай арганізацыі «Белая Русь», у важнасці сяброўскай падтрымкі. Дабрачыннасць – гэта не толькі шчырае імкненне дапамагчы, а магчымасць падарыць цяпло і веру ў надзею на лепшае братам-расіянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. А трываласць сяброўства правяраецца не толькі ў радасці, але і ў бядзе. У марафоне дабрыні прынялі ўдзел ляхавічане Уладзімір Саладуха і Мікалай Дражнюк. Нашы землякі прыносілі прадукты харчавання, адзенне, сродкі гігіены і іншыя рэчы. Усё будзе ўпакавана і дастаўлена спачатку ў баранавіцкі пункт збору, а далей адправіцца па маршруце «Брэст – Мінск – Курская вобласць Расійскай Федэрацыі». Шчыра ўдзячна ўсім, хто адгукнуўся на просьбу аб дапамозе, – падкрэслівае старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Наталля Ісаханава.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.