З павагай да элегантнага ўзросту. У Дзень пажылых людзей у Ляхавіцкім ГДК адбудзецца канцэрт «Мудрасць восені – шчаслівыя імгненні», які пачнецца ў 14 гадзін
Другі восеньскі месяц пачынаецца з Дня пажылых людзей, сёлетні дэвіз якога «Павага. Клопат. Адказнасць». Аднайменная рэспубліканская акцыя, якая зараз крочыць па краіне, таксама прысвечана святу людзей залатога ўзросту.
Па інфармацыі ТЦСАН, на Ляхавіччыне па стане на жнівень пражывае 197 доўгажыхароў (атрымальнікаў пенсіі) ва ўзросце ад 90 да 99 гадоў. 1 002 нашым землякам споўнілася ад 80 да 89 гадоў. Колькасць тых, хто дасягнуў 70-гадовага ўзросту і не старэйшы за 79 гадоў, складае 1 899 чалавек. Ва ўзроставай катэгорыі 65–69 гадоў – 1 670 чалавек. Размянялі шосты дзясятак, але пакуль не адзначылі 65-годдзе 1 434 землякі.
Час для хобі
Для некаторых з іх выхад на заслужаны адпачынак стаў нагодай для раскрыцця творчых здольнасцяў і спробы сябе ў новай сферы дзейнасці. Так, 84-гадо-вая ляхавічанка Сафія Камінская (на здымку) на пенсіі стала пісаць вершы – музыку сваёй душы. Піша пра прыроду, жыццё і свой няпросты лёс і г. д. Шмат давялося ёй пабачыць, зведаць і перажыць.
Не цуралася ніякай работы, хоць справа была і не зусім жаночай: укладвала асфальт у горадзе Кемь у Расіі, а ў Ляхавіцкім ПМК-13 круціла баранку на ГАЗ-53, у добраахвотным таварыстве пажарных сумяшчала адразу тры пасады – інструктара, касіра і начальніка па кадрах, была манцёрам на чыгунцы. Выгадавала траіх дзяцей.
У двары жыхаркі Дарава Ніны Мацейка сапраўдны батанічны сад, дзе растуць магноліі і бэз розных відаў, рададэндраны, кусты буякоў і г. д. Гэта прыгажосць стала імправізаванай фотазонай для шматлікіх сюжэтаў землякоў, якія імкнуцца такім чынам занатаваць важныя падзеі свайго жыцця. У спісе пенсійнага хобі, якім Ніна Мацейка займаецца разам з сынам Анатоліем, і пчалярства.
76-гадовая жыхарка аграгарадка Русінавічы Тамара Сарока – даўні і верны сябар раёнкі, якую чытае ад першай да апошняй старонкі. Да выхаду на пенсію яна загадвала Русінавіцкім дзіцячым садам, а пасля захапілася народнай медыцынай і выдатна ведае ўсе гаючыя ўласцівасці зёлак. Яе аптымістычны настрой, любоў да жыцця і людзей, уменне бачыць у іх толькі добрае нават воблачны дзень ператварае ў сонечны.
Запрашэнне для землякоў
«Сярэбраныя» валанцёры – гэта пра землякоў элегантнага ўзросту, якія наведваюць аддзялен-не ТЦСАН і прымаюць удзел у разнастайных мерапрыемствах. Яны актыўныя члены грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларус-кага саюза жанчын і г. д., віншуюць са святамі дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагаюць уразлівым катэгорыям насельніцтва…
У Дзень пажылых людзей у ГДК адбудзецца канцэрт «Мудрасць восені – шчаслівыя імгненні», які пачнецца ў 14 гадзін.
У праграме свята – выставы ўзорнай дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» і «Адкрытыя сэрцы» пра дзейнасць «сярэбраных» валанцёраў, майстар-клас «Кастрычнік ужо наступіў…» па вырабе ружаў і віншавальных паштовак, дошка пажаданняў бабулям і дзядулям «Мудрай старасці паклон» і шмат іншага.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.