Адзін укус да шаленства. 28 верасня – Сусветны дзень барацьбы з шаленствам

Шаленства з’яўляецца вірусным заанозам, да якога ўспрымальныя ўсе віды цеплакроўных жывёл, у першую чаргу – драпежныя жывёлы (сямействы сабачых, каціных, куніцавых, янотавых і іншыя), могуць таксама хварэць грызуны, лятучыя мышы.

Ад хворых шаленствам дзікіх жывёл могуць заражацца дамашнія, свойскія жывёлы пры адсутнасці ў іх прышчэпак і парушэннях умоў утрымання.
Шаленства перадаецца ад жывёлы да жывёлы і ад жывёлы да чалавека пры цесным кантакце са сліной (укусы,
абдрапванні), асліненні пашкоджанай скуры і слізістых абалонак.
Найбольш небяспечныя лакалізацыі пашкоджанняў, нанесеных жывёламі, – галава, твар, шыя, пальцы рук і ног, кісці, ступні, геніталіі.
Інкубацыйны перыяд пры шаленстве ў чалавека складае ад 10 дзён да 2 месяцаў, вядомы выпадкі яго скарачэння да 5 дзён і падаўжэння да года і больш.
Першыя сімптомы захворвання могуць праяўляцца ў месцы пашкоджання ў выглядзе
мышачных падрыгванняў, свербу, болю па ходу нерваў. У пачатку захворвання адзначаюцца беспрычынная трывога, страх, павышаная адчувальнасць да светлавых і гукавых раздражняльнікаў, субфебрыльная тэмпература. У выніку могуць далучацца прыступы вадабоязі: балючыя спазмы мышцаў глоткі і гартані пры спробе папіць, пры гуках вады, якая льецца. З кожным днём захворванне прагрэсіруе, развіваюцца паралічы. Смерць наступае ад спынення дыхання і сардэчна-сасудзістай дзейнасці.

Шаленства – смяротнае захворванне, якое можна папярэдзіць, выконваючы шэраг правілаў:
● пазбягаць кантактаў з дзікімі
і безнагляднымі жывёламі;
● выконваць устаноўленыя правілы ўтрымання дамашніх жывёл (сабак, кошак) і штогод абавязкова праводзіць прафілактычныя прышчэпкі супраць шаленства;
● пры з’яўленні змяненняў у паводзінах дамашняй жывёлы, у выпадку атрымання ёй пашкоджанняў ад іншай жывёлы, смерці без яўных прычын абавязкова звяртацца да ветэрынара для ўстанаўлення назірання або высвятлення прычыны смерці;
● пастаянна праводзіць растлумачальную работу па прафілактыцы шаленства з дзецьмі;
● не пазбаўляцца жывёлы, з якой адбыўся кантакт (укус, абдрапванне, асліненне), па магчымасці ўстанавіць
за ёй 10-дзённае назіранне;
● пры выяўленні дзікай жывёлы на асабістых падвор’ях у сельскай мясцовасці, на тэрыторыі населеных пунктаў прыняць меры асабістай засцярогі і забеспячэння бяспекі блізкіх, бо здаровыя дзікія жывёлы, як правіла, пазбягаюць сустрэчы з чалавекам.
Калі кантакту з жывёлай, нават знешне здаровай, пазбегнуць не ўдалося, неабходна ў максімальна кароткія тэрміны старанна прамыць ранавую паверхню на працягу не менш за 15 мінут струменем вады з мылам, апрацаваць краі раны 5-працэнтай настойкай ёду, любым спіртаўтрымліваючым антысептыкам і неадкладна звярнуцца ў медустанову.
Самы эфектыўны сродак прафілактыкі шаленства – імунізацыя. У арсенале ў медработнікаў маюцца дастаткова дзейсныя лекавыя сродкі – антырабічная вакцына і імунаглабулін. Толькі ўрач можа ацаніць рызыку магчымага заражэння вірусам шаленства і назначыць лячэнне.
Вельмі важна адначасова са зваротам да ўрача ізаляваць жывёлу і звярнуцца да ветэрынара для агляду і арганізацыі назірання
за ёй.
Ні ў якім разе не трэба адмаўляцца ад назначанага лячэння і самавольна спыняць яго, гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.

Васілій СКАРАХОД,
урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.