Лідарскія малочныя пазіцыі. За 8 месяцаў бягучага года ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна надоена 47 102 тоны малака


Жывёлаводы ААТ  «Шлях новы» Валянціна Сегень і Святлана Бурак

За 8 месяцаў бягучага года ў гаспадарках Ляхавіцкага раёна надоена 47 102 тоны малака – гэта 114 працэнтаў да аналагічнага леташняга перыяду

Адна з самых маладых малочнатаварных фермаў Ляхавіцкага раёна «Літва» ААТ «Шлях новы» пачала працаваць год назад.І за такі кароткі час яна стала лепшай сярод аналагічных падраздзяленняў сельгаспрадпрыемства.
У сучасных умовах пад пастаянным доглядам пры якасным рацыёне харчавання ўтрымліваецца 541 карова. Сярэдні ўдой ад кожнай рагулі за 8 месяцаў – 5 026 кілаграмаў (сярэднераённы паказчык – 4 456 кілаграмаў). Яшчэ адзін адметны паказчык – гатунак малака. З МТФ «Літва» 95 працэнтаў сыравіны ідзе выключна гатункам экстра.

Малочная жывёлагадоўля Ляхавіччыны апошнім часам у адназначным плюсе. Прычым гэта відавочна па многіх вытворчых паказчыках: валавым надоі малака і вырошчванні буйной рагатай жывёлы, надоі ад кожнай рагулі і сярэднясутачных прывагах БРЖ.

Зазірнём у раённую жывёлагадоўчую табліцу за 8 месяцаў. У вытворчасці малака значны скачок зрабіла СУП «Ліпнянка». Тут пастараліся і надаілі малака – 267 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2023 года. А вось СУП «Белазем’е» змінусавала – 99 працэнтаў да паказчыка мінулага года. Калі па сярэднім надоі ад кожнай рагулі
бясспрэчны лідар СВК «Ляхавіцкі», то ў лічбавым паказчыку –
на 883 кілаграмы – плюсанула «Ліпнянка». Добры вынік па гэтым паказчыку ў ААТ «Шлях новы» – плюс 632 кілаграмы.
Што з якасцю малака, якое паступае з сельгаспрадпрыемстваў на малочныя заводы для далейшай перапрацоўкі? Усе гаспадаркі дапусцілі зніжэнне ў рэалізацыі малака гатункамі экстра
і вышэйшым. ЗАТ «Белпрампрыбор» 96,8, а СУП «Ліпнянка» 97,5 працэнта малака прадаюць гатункам экстра, 95,1 працэнта малака гатункам экстра – у «Ляхавіцкага».
У вытворчасці буйной рагатай жывёлы па валавым паказчыку першынство трымае ААТ «Жарабковічы» – 1 098,5 кілаграма, у працэнтных суадносінах за 8 месяцаў з 2023 годам – 225,6 працэнта ў «Ліпнянкі», для параўнання, у СУП «Белазем’е» – 79,8 працэнта. Менавіта ў «Белазем’я» самыя нізкія сярэднясутачныя прывагі – 561 грам, а гэта мінус 64 грамы да аналагічнага мінулагодняга перыяду.
Найбольш прыбавілі па сярэднясутачных прывагах «Жараб-ковічы» – плюс 153 грамы.

Вызначае  прафесіяналізм

Прайшло два гады, як у палку малочнатаварных фермаў і комплексаў СВК «Ляхавіцкі» адбылося буйное папаўненне: напачатку лістапада 2022 года ў эксплуатацыю ўведзены МТК у аграгарадку Русінавічы.
– Тут выдатныя ўмовы для жывёлы ва ўсіх памяшканнях: кароўніках, даільна-малочным блоку, паўсюдна ўстаноўлена сучаснае абсталяванне.
Не дзіўна, што і паказчыкі на гэтым комплексе адны з лепшых у гаспадарцы. А вынікі тады будуць добрымі, калі камфортна
працаваць жывёлаводам і спецыялістам. Таму бытавыя ўмовы, пытанні аховы працы, як і рост заработнай платы – заўжды на парадку дня, – адзначае старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
800 кароў і цялушак, 123 цяляты – сёння гэта насельнікі
МТК «Новы» ў Русінавічах. Пакуль будучае рагуліна папаўненне «кватаруецца ў дзіцячым садку» на свежым паветры, кожны ў сваім доміку. А на зімовы перыяд яны пераселяцца ў новы пабудаваны цялятнік. Клапоціцца пра дарослых рагуль і цялят калектыў у складзе 17 чалавек пад кіраўніцтвам маладога спецыяліста Аляксея Косача.
– На пяці фермах нашага сельгаспрадпрыемства зараз утрымліваецца 4 048 галоў буйной рагатай жывёлы, гэта на 209 галоў больш, чым па стане на пачатак верасня 2023 года. На 95 кароў павялічыўся і дойны статак, цяпер у гаспадарцы 1 215 дойных кароў. Па стане на 1 верасня ад кожнай каровы тут надаілі 6 088 кілаграмаў малака – плюс 989 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года. Што тычыцца валавога надою, то на новым МТК зарэгістравана 3 325 тон – 159 працэнтаў да 2023 года. Усё малако прадаецца выключна гатункам экстра, – расказвае намеснік старшыні СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Ксёнжык.
Выдатныя ўмовы працы, суцэльная механізацыя і аўтаматызацыя, бытавы камфорт значаць многае. Але без прафесіяналізму, адданасці справе, узаемавыручкі, зладжанай работы ўсяго калектыву дасягнуць такіх вяршынь цяжка. Тон задаюць аператары машыннага даення Людміла Грыкель, Алена Белавус, Аксана Абыдзенка, жывёлаводы Аляксандр Міклашэвіч, Сяргей Міклашэвіч. Трэба бачыць, з якой адказнасцю і ў той жа час пяшчотай клапоцяцца пра цялятак Таццяна Буйкевіч, Надзея Варэйка, Ганна Шчур. А яшчэ менавіта ім даверана адказнейшая місія – раздойваць цялушак.
Чарговым пацвярджэннем, што СВК «Ляхавіцкі» быў і застаецца флагманам малочнай жывёлагадоўлі раёна, з’яўляюцца лічбы і факты. Вось толькі некаторыя з адметных паказчыкаў: за 8 месяцаў надой ад адной каровы ў сярэднім склаў 6 079 кілаграмаў малака
(па раёне за адпаведны перыяд – 4 456 кілаграмаў). Высокую планку каторы год запар упэўнена трымаюць аператары машыннага даення Вольга Грыкель і Галіна Ракашэвіч. Дынамічна павышаецца і ўзровень прываг буйной рагатай жывёлы: за 8 месяцаў сярэднясутачныя прывагі БРЖ складаюць 779 грамаў (сярэднераённы паказчык – 665 грамаў), і гэта лепшы вынік у раёне. Асабліва плённа працуюць жывёлаводы Аляксандр Толкач, Віктар Маслінскі, Дзмітрый Палазок, Васілій Шпак. У станоўчай рабоце жывёлагадоўлі немалая заслуга асемянатараў Івана Патаповіча, Сяргея Брэўса, Івана Буйко.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары машыннага даення ААТ «Шлях новы»
Валянціна Зубік і Ганна Марчык.
Загадчык МТК СВК «Ляхавіцкі» Аляксей Косач і
ветфельчар Дар’я Косач.