Не закідвайце памяць
Чарговы адрас чалавечай безгаспадарчасці – могілкі ў вёсцы Перахрэсце. Фотапацвярджэнне неабыякавыя землякі распаўсюдзілі ў інтэрнэце. Як адзначаецца ў скарзе, устаноўленая кантэйнерная пляцоўка, што прызначана для збору смецця з тэрыторыі могілак, ператварылася ў звалку для бытавых адходаў, якія звозяць туды вяскоўцы і дачнікі. Людзі раяць устанавіць камеру відэаназірання, каб выявіць і прыцягнуць да адказнасці тых, хто наводзіць беспарадак. Каб разабрацца ў сітуацыі, «ЛВ» звярнуўся ў Начаўскі сельвыканкам.
– Неаднойчы падчас сельскіх сходаў, асабістых сустрэч з вяскоўцамі ўздымалася гэта тэма. Вывешвалі папярэджанні на дошцы аб’яў, зак-лікалі да сумлення грамадзян. Такой
шкодай займаюцца нядбайныя жыхары бліжэйшых населеных пунктаў. Убіраем, але ж сітуацыя паўтараецца зноў і зноў. Відаць, так і не прачынаецца сумленне ў некаторых грамадзян, – адзначае старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік.
Усе вясковыя могілкі знаходзяцца на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Сітуацыю каменціруе дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі:
– Па-першае, разглядаецца магчымасць устаноўкі камер відэаназірання. Па-другое, плануем замену старых кантэйнераў на больш новыя, сучасныя. Стараемся своечасова згодна
з графікам вывозіць смецце з кантэйнерных пляцовак на могілках. Разам
з тым на тэрыторыі гэтых грамадскіх месцаў будзе чысцей, калі грамадзяне будуць гаспадарамі, а не тымі, хто смеціць.
Дарэчы, згодна з артыкулам 22.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання сельскіх населеных пунктаў», загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых месцаў агульнага карыстання (да якіх адносяцца і грамадскія могілкі) будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі (у тым ліку і бытавым смеццем) прадугледжвае штраф у памеры
да 5 базавых велічынь, на індывідуаль-нага прадпрымальніка – ад 5 да 10 БВ, на юрыдычную асобу – ад 10 да 20 БВ.