Статус абавязвае. Па выніках 2023/2024 навучальнага года Малагарадзішчанская СШ стала ўладальнікам пераходнага кубка і Падзякі аддзела па адукацыі
Па выніках 2023/2024 навучальнага года Малагарадзішчанская СШ стала ўладальнікам пераходнага кубка і Падзякі аддзела па адукацыі за стварэнне ўмоў для работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі.
Немагчыма не здзіўляцца Малагарадзішчанскай сярэдняй школе. Напярэдадні Дня настаўніка, які традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, «ЛВ» запрашае землякоў у завочнае падарожжа па цудоўнай краіне дзяцінства, ведаў, цікавых мерапрыемстваў і запамінальных сустрэч.
Школа мае багатую 85-гадовую біяграфію. Сотні выпускнікоў раз’ехаліся па розных гарадах Беларусі і краінах, але, упэўнена, што амаль усе яны з пяшчотай і цеплынёй успамінаюць незабыўную пару, якая мае родную і блізкую назву – школа. І мы, сённяшні калектыў, стараемся не толькі прыўносіць і ўкараняць нешта новае, прагрэсіўнае ў выкладанне прадметаў, выхаванне дзяцей, але і ўважліва беражом традыцыі, закладзеныя колішнімі педагогамі, – пачынае экскурсію дырэктар установы, вопытны кіраўнік Анжэла Яварчук, якая ўзначальвае калектыў амаль 10 гадоў, а ў педагогіцы і ўвогуле больш за тры дзесяцігоддзі.
Прыгажосць, эстэтыка, добраўпарадкаванасць тэрыторыі –
заслуга як працоўнага калектыву, так і навучэнцаў. Пра перамогі тутэйшых навучэнцаў і педагогаў на разнастайных прадметных алімпіядах, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах раёнка неаднойчы расказвала на сваіх друкаваных старонках і ў сацыяльных сетках.
Па выніках работы за 2023/2024 навучальны год Малагарадзішчанская СШ удастоена высокай адзнакі: стала ўладальнікам пераходнага кубка і Падзякі аддзела па адукацыі райвыканкама за стварэнне ўмоў для работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. А сёння ў цэнтры ўвагі – педагагічны калектыў – сейбіты разумнага, добрага,
вечнага.
Дружны калектыў. І гэтым усё сказана
У Малагарадзішчанскай школы нямала традыцый і здабыткаў. Летапіс навучальнай установы пачынаецца з далёкага 1939 года.
Менавіта тады літаральна пасярод лесу была пабудавана драўляная школа, якую называлі калоніяй. Вось чаму верш аднаго з дырэктараў навучальнай установы Вячаслава Вайшэвіча так і называўся – «Лясная школа». Калі 85 гадоў назад у школе выкладала настаўніца Яфімія Санецкая, то сёння калектыў установы – 38 чалавек, з якіх 25 – педагогі.
– Без перабольшвання пра кожнага з калег можна сказаць: творчы, мэтанакіраваны, вынаходлівы, лёгкі на пад’ём, няўрымслівы, актыўны, ініцыятыўны. А разам мы – каманда, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аксана Сакуць. Самыя вопытныя настаўнікі – Аляксандр Касабуцкі і Надзея Патоцкая, якія
працоўную настаўніцкую біяграфію ў Малагарадзішчанскай СШ
пачалі ў 1985 годзе. А навічкі – Сяргей Лешык (настаўнічае з 2023 года) і Вераніка Буйкевіч (выпускніца ляхавіцкай гімназіі), якая яшчэ студэнткай працавала ў тутэйшай школе, а з 2022 года – настаўнік замежнай мовы.
– Школа – месца, дзе заўжды патрабуецца актыўнасць, неабходна быць у тонусе. І мяне такі рытм жыцця задавальняе. Навучылася находзіць агульную мову і з калегамі, і з дзецьмі, і з іх бацькамі. Мне пашанцавала з калегамі, заўжды адчуваю падтрымку, – расказвае Вераніка Буйкевіч.
Яшчэ адна адметнасць Малагарадзішчанскай школы – пераемнасць пакаленняў. Тут надзвычай цесная сувязь паміж ветэранамі педагагічнай працы і сённяшнімі педагогамі.
– Удзячны ўсім, хто калісьці шчыраваў у школе, ганарымся, што былі калегамі нашых шаноўных ветэранаў. Заўжды запрашаем іх на святы, віншуем з юбілеямі, рады іх клопату, парадам, слушным падказкам. Да чаго ж прыемна, калі колішні дырэктар школы выдатнік адукацыі Анатолій Тураў (узначальваў навучальную ўстанову з 1991 па
2014 гады) віншуе кожнага з калектыву з днём нараджэння.
Увогуле, усе, хто калісьці працаваў у школе ці быў яе вучнем, –
жаданыя і чаканыя госці, – з павагай гаворыць Анжэла Яварчук.
Учора выпускнікі – сёння настаўнікі
Што аб’ядноўвае настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Лілію Пятроўскую, інфарматыкі – Аляксандра Касабуцкага, пачатковых класаў – Вольгу Пляшэвіч, рускай мовы і літаратуры – Таццяну
Лешык, хіміі і біялогіі – Сяргея Лешыка, выхавальніка дзіцячага садка Алену Каролік? Адказ просты. Некаторыя 30 гадоў назад, а хтосьці і пяць гадоў назад былі вучнямі Малагарадзішчанскай СШ.
А цяпер яны дыпламаваныя педагогі ў сваёй роднай школе.
– Калі сама была школьніцай, марыла пра настаўніцкую прафесію. Але з першай спробы не атрымалася. Працавала і культработнікам, і прадаўцом. Лёс распарадзіўся, што ў 2002 годзе прыйшла ў родную школу педагогам-арганізатарам, потым атрымала вышэйшую філала-
гічную адукацыю, так і засталася тут працаваць. Хвалявалася. Побач былі і мае настаўнікі, у тым ліку класны кіраўнік Надзея Патоцкая, настаўнікі Таісія Гатоўчыц, Станіслава Канцылярчык. Бясспрэчна, нямала адрозненняў у педагагічнай працы на пачатку стагоддзя і праз некалькі дзясяткаў гадоў. Напрыклад, трывала ў работу ўвайшла камп’ютарызацыя. Але нязменным застаюцца любоў да дзяцей і адданасць прафесіі, – адзначае Таццяна Лешык.
У меру строгія і дастаткова добрыя
Хто, як не вучні, лепш раскажа пра школу, настаўнікаў і вучэбныя будні. Паставіць агульную адзнаку ўсяму педагагічнаму калектыву
Малагарадзішчанскай СШ у віртуальным школьным журнале выпала адказнасць актывістам Варвары Вярбіла, Дар’і Курак, Станіславу Сакуцю.
– Дастаткова добрыя, у меру строгія, вясёлыя, уважлівыя, усё разумеюць і заўжды падтрымаюць, з імі вельмі цікава, у іх багаты багаж ведаў, якімі яны дзеляцца з намі. Дзякуючы настаўнікам мы ўдзельнічаем і перамагаем у розных конкурсах, а яшчэ мы ездзім на экскурсіі, ходзім у паходы і вандроўкі, сумаваць дакладна няма калі, – упэўнена сцвярджаюць рабяты. Як жа красамоўна прагучала фінальная фраза ў дзіцячым выкананні: «Нашы педагогі – самыя родныя, школа – наш другі дом!»
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.