Курс на цукар. Як у «Фораландзе» ўбіраюць бураковыя палеткі
У сельгасвытворцаў у разгары восеньскія клопаты. Убіраюцца бураковыя палеткі ў ЗАТ «Фораланд», ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», СУП «Ліпнянка», фермерскіх гаспадарках «АграВыгада Плюс» і «Вялікае Падлессе-агра».
Усяго ў раёне пад салодкі корань адведзена 1 800 гектараў (па стане на 3 кастрычніка выкапана 43 працэнты).
Сёлета «Фораланд» прадаўжае здзіўляць. Следам за самай высокай на Брэстчыне ўраджайнасцю збожжавых шчодра аддзячваюць аграрыяў за клопат палеткі з цукровымі буракамі. У сярэднім салодкі корань дае па 813 цэнтнераў з гектара (леташні паказчык – 680 цэнтнераў з гектара), а ёсць і такія ўчасткі, дзе ўраджайнасць дасягае 1 400 цэнтнераў з гектара. Сярэднеабласны паказчык па стане на 2 кастрычніка – 472 цэнтнеры з гектара, а ў Ляхавіцкім раёне – 480.
– Ніякага сакрэту няма, усё даволі трывіяльна. Стараемся захоўваць усе тэхналагічныя працэсы. Насенне еўрапейскай селекцыі, уносіцца належная колькасць якасных мінеральных удабрэнняў, праводзіцца своечасовая хімічная апрацоўка пасеваў, у тым ліку ад раслінных хвароб. Сёлета набылі сеялку для пасадкі буракоў. Паглядзіце, усё насенне, закінутае ў зямлю, дало ўсходы, вага аднаго караняплода дасягае да 7 кілаграмаў, – расказвае дырэктар ЗАТ «Фораланд» Андрэй Панчкоўскі.
Па зялёных палетках павольна рухаецца магутны буракаўборачны камбайн ROPA, якім майстарскі кіруе Аляксей Серада.
Для яго сёлета – чацвёрты сезон у якасці механізатара на такой сельгастэхніцы і дзясяты сезон у «Фораландзе». Дарэчы, буракаўборачную тэхніку «Фораланд» арандуе ў фермерскай гаспадаркі «АграВыгада Плюс».
– Працую выратаваль-нікам, асноўнае месца працы – Баранавіцкі ГРАНС. Але на час водпуску прыходжу працаваць у гэта сельгаспрадпрыемства. Спачатку быў вадзіцелем на адвозцы буракоў, потым асвоіў камбайн. За працоўны дзень, а гэта ў сярэднім 12 гадзін, убіраем буракі з 15 гектараў, – расказвае Аляксей Серада.
Прайшоўшы рад, тэхніка пад’язджае да вялікага бурта, каб загрузіцца салодкімі караняплодамі. На пагрузчыку шчыруе Алег Арцыменя, яго асноўнае месца працы – Беларус-кая чыгунка, ён памочнік машыніста.
– З работай спраўляюся, мне падабаецца. Чаму б не падзарабіць у вольны ад асноўнай работы час, – гаворыць Алег Арцыменя.
ЗАТ «Фораланд», як і іншыя сельгаспрадпрыемствы Ляхавіччыны, адвозіць прадукцыю на Баранавіцкі буракапрыёмны пункт Жабінкаўскага цукровага завода.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.