Рацыянальнасць кукурузнага зерня. Аграрыі Ляхавіччыны завяршаюць уборку сваіх кукурузных гектараў
Але ж не толькі зерне і сіласная маса. З улікам таго, што кукуруза займае адну з прыярытэтных пазіцый у рацыёне буйной рагатай жывёлы, будзе справядлівым сцвярджэнне: яна і мяса, і малако, і, калі ў завершаным выглядзе, даходнасць сельскагаспадарчага прадпрыемства.
Гэтымі днямі кастрычніка аграрыі Ляхавіччыны завяршаюць уборку сваіх кукурузных гектараў. Прычым работа і на зялёных і на зерневых палетках ажыццяўляецца фактычна паралельна.
Што тычыцца ўборкі «царскай» сельгаскультуры на зерне, то яе першапачатковыя планавыя плошчы складалі каля 1,3 тысячы гектараў. Але ж, як здараецца, планы на паперы не заўсёды супадаюць з палявымі. Напрыклад, свае карэктывы можа ўнесці надвор’е, якое ў бягучым раслінаводчым годзе было розным. У тым ліку і моцна засушлівым.
– Параўнальна раннія тэрміны сяўбы, высокатэмпературны і фактычна без кроплі дажджу верасень справакавалі больш хуткае высыханне асобных кукурузных палеткаў. Тым самым рацыянальнасць яе ўборкі на зялёную ці сіласную масу
не з’яўляецца бясспрэчнай. Іншая справа – зерне. Было вырашана некаторую частку зялёных кукурузных плошчаў убраць у якасці зерневых. Кармавой разбалансіроўкі ад такой ракіроўкі не здарыцца. Наадварот, упэўнены, што ёсць у гэтым бясспрэчныя плюсы, –
тлумачыць пазіцыю галоўны аграном ААТ «Нача» Ігар Карпей.
Голас галоўнага раслінавода гаспадаркі перыядычна паглынаюць гукі працуючага непадалёку камбайна-зернеўборшчыка, за штурвалам якога ўмелы, вопытны, працавіты і адказны механізатар Віталій Васюкевіч (на здымку). Можна сказаць, што работа на камбайнаванні кукурузных зерневых палёў з’яўляецца для яго сёлетняй другой уборачнай. Ці працягам летняй хлебаўборачнай, якую прайшоў ад зажынак да дажынак, і быў на раённым хлебаробскім свяце адным з галоўных лаўрэатаў. Падымаўся на «дамашнюю» сцэну, прымаў віншаванні, слухаў апладысменты ў свой гонар.
Частка янтарнага ўраджаю праходзіць дапрацоўку на ачышчальна-сушыльным комплексе. Пасля чаго займае сваё месца пад дахам складскога памяшкання з перспектывай стаць у далейшым адным з інгрэдыентаў камбінаванага корму для буйной рагатай жывёлы.
– Практыкуем, у тым ліку, і ўласнае прыгатаванне канцэнтраванага корму. Дамаўляемся аб прыездзе аўтамабільнага млына, узгадняем патрэбную рэцэптуру, прадастаўляем неабходныя ў большасці ўласнай вытворчасці раслінныя кампаненты і на выхадзе атрымліваем камбікорм. Сваё абыходзіцца танней, чым купленае, – гаворыць Ігар Валер’евіч.
Паралельна з уборкай кукурузы вядзецца яе плюшчэнне і закладка ў аб’ёмныя поліэтыленавыя рукавы. Для забеспячэння гэтага працэсу гаспадаркай сёлета быў набыты неабходны «рыштунак». Плюшчылка вытворчасці Шчучынскага завода ў камбінацыі з «Беларусам» у якасці сілавога агрэгата дэманструе належную якасць і дастаткова высокую прадукцыйнасць работы. З абслугоўваннем плюшчыльнага комплексу спраўляюцца некалькі работнікаў-паляводаў. А асноўным з’яўляецца механізатар – кіраўнік і вядучы спецыяліст вытворчага працэсу. У «Начы» такім выступае Сяргей Васюкевіч.
У шасці кармавых рукавах ААТ «Нача» знаходзіцца каля 400 тон плюшчанага зерня кукурузы.
– Прыкладна па 65 тон высокапажыўнага корму ў кожным рукаве. Але гэта яшчэ не фініш. Заўтра перамяшчаем плюшчылку ў Зубелевічы, будзем рыхтаваць корм для размешчаных на тамтэйшым комплексе статкаў жывёлы, – дзеліцца бліжэйшымі планамі галоўны начаўскі раслінавод.
Ураджайнасць кукурузнай зерневай нівы ў гаспадарцы выходзіць на 80 цэнтнераў з кожнага гектара. Вынік знаходзіцца ў блізкіх межах з сярэднераённым паказчыкам. Пры тым, што зернеўборка кукурузы ў «Начы» не завершана, працягваецца на, так бы мовіць, звышпланавых гектарах.
І яшчэ раз пра рацыянальнасць метаду плюшчэння кукурузнага зерня. На гэтыя мэты можа і павінен выкарыстоўвацца «матэрыял» вільготнасцю значна большай за складскія 14 працэнтаў. Такім чынам адпадае неабходнасць у правядзенні дапрацоўкі-дасушкі.
– Апошняе абыходзіцца прадпрыемству ў істотную капейку. Дзякуючы тэхналогіі плюшчэння на гэтым можна дастаткова сэканоміць. Знайсці грошы, па сутнасці, нічога не губляючы, – падсумоўвае размову Ігар Карпей.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.