Час выбірае лепшых. У мінулую суботу Мікашэвічы сталі месцам, куды з усіх куткоў Брэстчыны з’ехаліся лепшыя з лепшых хлебаробаў Першага рэгіёна

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Свята герояў, людзей працавітых і адданых зямлі, тых, хто не лічыцца з часам і ўласнымі справамі дзеля дабрабыту беларускага народа. Таму і каштоўны наш хлеб, што вырашчаны, выпеставаны, сабраны і спечаны добразычлівымі, шчырымі людзьмі, якія ў работу ўкладваюць любоў і цеплыню душы.

У мінулую суботу Мікашэвічы сталі месцам, куды з усіх куткоў Брэстчыны з’ехаліся лепшыя з лепшых хлебаробаў Першага
рэгіёна, тыя, хто побач з калегамі кавалі жніўную перамогу, павялічвалі намалоты, працавалі на ўраджайнасць. Мікашэвічы – сёлетняя сталіца абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2024».
Юбілейны 25-ы жніўны фэст па праве вызначальны. Хлебаробаў Брэстчыны вітаў і віншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Хвалюючы момант – Кіраўнік дзяржавы ўручыў узнагароды работнікам прадпрыемстваў АПК, якія найбольш вызначыліся ў працы. Прыемна, што сярод узнагароджаных і ляхавічанін. Аляксандр Лукашэнка ўручыў медаль «За працоўныя заслугі» трактарысту-машыністу ААТ «Жарабковічы» Анатолію Петуху. Прэзідэнт падзякаваў усім кіраўнікам, камбайнерам, аграномам, механізатарам, вадзіцелям за хлеб і гераічную працу.
Ляхавіцкія хлебаробы сёлета паказалі вынік: убіралі якасна і ў тэрмін. І вынікам задаволены, як гаворыцца, серабро з залатым адлівам. Ляхавіччына ў тройцы пераможцаў: раён заняў другое месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2024 годзе
сярод раёнаў Брэсцкай вобласці! Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык уручыў дыплом кіраўніку Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаю Марозу. Жніўнае лідарства ў Пружанскага раёна, а вось драгічынскія хлебаробы намалацілі на хлебную
«бронзу».
– Сённяшняе свята – яшчэ адна нагода для гонару за працаўнікоў хлебнай нівы, якія ўнеслі свой уклад у каравай Брэсцкай вобласці. А ён атрымаўся важкім. Агульны намалот збожжа, уключаючы алейнае насенне рапсу, склаў 1 мільён 545 тысяч тон. Сярод раёнаў лідарамі сталі Ляхавіцкі, Брэсцкі і Баранавіцкі, – адзначыў Пётр Пархомчык.
Прыемна, што са святочнай сцэны не аднойчы гучалі рэкорды з ляхавіцкімі адрасамі. Адзначылася і ЗАТ «Фораланд» – тут зафіксаваны адзін з самых высокіх паказчыкаў ураджайнасці збожжавах у вобласці, па рапсе ўраджайнасцю адзначылася ААТ «Шлях новы», а раён вызначылі як адзін з лепшых па ўраджайнасці збожжавых і рапсу.
У гэты дзень апладысменты не змаўкалі, кожны раён Брэстчыны падтрымліваў і шчыра ганарыўся сваімі рупліўцамі. Ляхавіччына сёлета сабрала багаты ўраджай жніўных узнагарод.
Вадзіцелю аўтамабіля ААТ «Шлях новы» Мікалаю Царыку ўручана Падзяка Старшыні Савета Рэспублікі.
П’едэстал прызавых месцаў сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў занялі нашы хлебаробы: першае месца ў Ігара Васілевіча з ААТ «Жарабковічы», другое – ва Уладзіміра Папко (ААТ «Жарабковічы»), трэцяе – у Аляксандра Камінскага (ААТ «Шлях новы»). Ляхавіцкая моладзь у бітве за ўраждай паказала вынік вопытных камбайнераў, не адставала на жніве ад старэйшых
калег.
«Серабро» ў абласным спаборніцтве сярод старшых камбайнераў і камбайнераў у Віктара Клемяні з «Жарабковічаў».
Нязменныя прызёры абласнога спаборніцтва сярод звёнаў аператараў зернесушыльных установак – брыгады з «Жарабковічаў» у складзе Віктара Лойкі і Аляксандра Пілецкага, Вадзіма Кудзіна і Мікалая Халопіцы.
Ляхавічане не толькі пераможцы абласных спаборніцтваў, яшчэ і ўладальнікі каштоўных падарункаў. Камбайнер з «Жарабковічаў» Віктар Клемяня атрымаў падарачны сертыфікат на мотаблок. А за сертыфікатам на бункер-перагрузчык ад холдынгу «Гомсельмаш» на святочную сцэну падымаўся дырэктар ААТ «Нача» Сяргей Шушпаннікаў.
На сцэне галоўныя атрыбуты жніўнага свята – караваі з ураджаю гэтага года. Як жа гэта духмяна, прыгожа і сімвалічна! Цырымонія ўзнагароджання працягнулася феерычным канцэртам, у праграме якога выступілі і ляхавіцкія артысты: народная эстрадная студыя «Экспрэс» і народная эстрадная група «Пачатак».
Вуліцы Мікашэвіч у гэты дзень ператварыліся ў святочныя пляцоўкі. Па галоўнай вуліцы горада гасцей свята сустракалі падвор’і кожнага раёна: здзіўлялі кухняй, песнямі і танцамі, запрашалі зайсці на крэатыўныя фотазоны і наведаць выставы.


Не на жарт разгарнулася прапанова ад рамеснікаў – да чаго ж творчыя беларусы. Як заўжды, арыгінальнасцю падачы, натуральнасцю прадукцыі, шырокім асартыментам прыцягвалі да сваіх выстаў і дэгустацый Ляхавіцкія малочны і кансервавы заводы.
– Увесь час на падворку Ляхавіцкага аграрнага каледжа гучала жывая музыка. Бойка і весела запрашалі пачаставацца каледжскай вынаходкай – салабродамі, сырна-мядовым дэсертам, зрабіць уласнымі рукамі свечкі, усміхнуцца для фота ў супер-кошыку. Ад наведвальнікаў лакацыі не было адбою! Таксама зладжана «абаранілі» каледжскі каравай. У добрым настроі, крыху стомленыя, але шчаслівыя каляджане прывезлі ў Ляхавічы дажыначны настрой і жаданне працаваць на вынік і з высокай якасцю, – адзначыла дырэктар агракаледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Сярод экспанатаў выставы тэхнікі засвяціўся ўжо вядомы ляхавічанам і не толькі МАЗ-205 выпуску 1947 года, які прадставіў дырэктар
ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» Віктар Шчука.
Жніўная інтрыга «Дажынак» раскрылася падчас урачыстай цырымоніі. Хто наступны прыме свята самых працавітых людзей? Да сустрэчы ў Белаазёрску Бярозаўскага раёна! А там, як паабяцалі ўжо хлебаробы Брэстчыны, павінны гучаць рэкорды, на якія арыентаваў Прэзідэнт. Рэгіён павінен у бліжэйшыя гады ўстойліва выйсці на
2,5 мільёна тон збожжавых і зернебабовых. А ў нас для гэтага ўсё ёсць!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і аўтара.