Ляхавіччына спартыўная – гэта здорава

Ляхавіччына фізкультурна-спартыўная сёння – гэта 83 аб’екты,
з якіх 56 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.

– Дзяржава надае значную ўвагу развіццю фізічнай культуры, спорту і турызму. Для стварэння ўмоў для ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення, прапаганды здаровага ладу жыцця сярод дарослых і дзяцей з бюджэту выдаткоўваюцца сродкі на разнастайныя будаўнічыя, аднаўленчыя работы на фізкультурна-спартыўных аб’ектах. Сёлета размова ідзе пра бягучы рамонт трыбун і лавачак на гарадскім стадыёне «Колас», рамонт даху лёгкаатлетычнага манежа ДЮСШ, выраб дазвольнай і перадпраектнай дакументацыі на будаўніцтва басейна ў Ляхавічах. Акрамя таго, выдаткавана дадатковае фінансаванне камунгасу для ўладкавання мініфутбольнай пляцоўкі на вуліцы Інтэрнацыянальнай стацыянарнымі баскетбольнымі стойкамі. У мінулым годзе абноўлены мужчынская трэнажорная зала ДЮСШ, устаноўлены два спарткомплексы на дваровых тэрыторыях шматкватэрнай жылой забудовы ў райцэнтры, – расказвае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.


Як і ў папярэдніх пакаленняў юных ляхавічан, не губляе сваёй папулярнасці ДЮСШ, якая славіцца спартыўнымі традыцыямі. 323 спартсмены-навучэнцы (19 працэнтаў ад усіх школьнікаў раёна) займаюцца ў аддзяленнях па напрамках лёгкая атлетыка, гандбол, футбол, дзюдо.
– Вучэбна-трэніровачны працэс ажыццяўляецца ў 32 вучэбных групах. З рабятамі працуюць 12 трэнераў-выкладчыкаў. У нас адчувальная пераемнасць пакаленняў у кадрах. На сёння ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры навучаюцца па мэтавым накіраванні восем выхаванцаў ДЮСШ, якіх у бліжэйшай будучыні чакаем у якасці нашых калег. Сёлета да нас размеркаваліся два маладыя спецыялісты: трэнер-выкладчык аддзялення футбола Яўгеній Харке і інструктар-метадыст па турызме Дар’я Данільчык, – гаворыць дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч.
З года ў год радуюць шматлікімі перамогамі на спаборніцтвах розных узроўняў юныя спартсмены Ляхавіччыны. Так, летась на абласных афіцыйных стартах нашы юныя землякі заваявалі 77 медалёў, з якіх 20 – залатыя, на рэспубліканскіх – 12 і 1 адпаведна.
Ляхавіцкі раён гасцінна сустракае ўдзельнікаў брэндавых турніраў.
Адкрыты турнір па дзюдо «Ляхавіцкі волат» – адзін з такіх, праходзіць штогадова і традыцыйна збірае больш за 250 удзельнікаў з розных
рэгіёнаў Беларусі. А адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы памяці
майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча ўключаны ў каляндарны план спартыўна-масавых мерапрыемстваў Брэстчыны. Запатрабаваны турніры па дзюдо памяці Сяргея Свянтэцкага, па гандболе – памяці першага
дырэктара ДЮСШ Анатолія Санько.
Ляхавіцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа – кузня таленавітых спартсменаў у нацыянальныя і зборныя каманды Беларусі па гандболе, футболе, дзюдо. Ужо ў бягучым годзе два спартсмены – выхаванцы Ляхавіцкай ДЮСШ – гандбалісты Мацвей Рулінскі і Цімафей Катко – сталі навучэнцамі Гомельскага і Рэспубліканскага дзяржаўных вучылішчаў алімпійскага рэзерву адпаведна.
Ляхавіцкая ДЮСШ не толькі займаецца з юнымі спартсменамі, але і прапануе разнастайныя паслугі дарослым і дзецям у галіне фізкультуры, спорту, здаровага ладу жыцця,
турызму. Заняткі па гандболе і футболе ў гульнявой зале, а таксама ў трэнажорнай зале, аднаўленчы цэнтр, настольны тэніс, пракат сезоннага інвентару ў зімовы перыяд, падрыхтоўка, арганізацыя і суправаджэнне экскурсій – найбольш папулярныя.
Спартыўныя аб’екты запатрабаваны не толькі ў гараджан.
– Не забываем і пра жыхароў аграгарадкоў і вёсак, дзе таксама сябруюць са спортам. Паспяхова дзейнічаюць Русінавіцкі, Свяціцкі, Навасёлкаўскі, Тухавіцкі фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, дзе сумарна ў групах па інтарэсах (валейбол, настольны тэніс, футбол, атлетычная гімнастыка, міні-футбол, шашкі) займаюцца больш за 130 чалавек, – удакладняе Валянціна Русакевіч.
А яшчэ ДЮСШ арганізоўвае і праводзіць шматлікія спартыўна-масавыя мерапрыемствы, сёлета за 9 месяцаў у 71 мерапрыемстве прынялі ўдзел амаль 2 000 чалавек. Акрамя таго, арганізавана16 экскурсій.
Каманда «Ляхавіцкі Волат» – штогадовы ўдзельнік чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе і міні-футболе. Каманда, у складзе якой юныя футбалісты 2010-2011 гадоў нараджэння, стала ўдзельніцай абласных спаборніцтваў «Скураны мяч» сярод дзяцей і падлеткаў. Каманды раёна прымалі ўдзел у абласной спартакіядзе сярод дзяцей і юнакоў, якія займаюцца ў групах і секцыях па валейболе, настольным тэнісе, шашках, шахматах, футболе па месцы жыхарства.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.