Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Пакажа экспертыза
РАСК узбудзіў крымінальныя справы па фактах аварый, што адбыліся ў Ляхавіцкім раёне ў верасні.
✓ Падчас аварыі на 27-м кіламетры аўтадарогі Ляхавічы – Свяціца каля вёскі Заліпенне загінулі два чалавекі, якія ехалі ў аўтамабілі «Аўдзі», яшчэ адзін з цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлены на лячэнне ў райбальніцу.
Назначаны шэраг экспертыз, у тым ліку для ўстанаўлення асобы, якая кіравала транспартным сродкам у момант ДТЗ.
✓ Ляхавічанін 1993 г. н. на аўтамабілі «Пежо» на аўтадарозе Ляхавічы – Баранавічы ўчыніў наезд на веласіпедыста, які ехаў у спадарожным напрамку. У выніку ДТЗ 73-гадовы пенсіянер атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ў райбальніцу. Устаноўлена, што вадзіцель быў з прыкметамі алкагольнага ап’янення.

Дарагі ручнік
Пенсіянерка вырашыла набыць ручнікі і падчас перапіскі ў інтэрнэце з неўстаноўленай асобай перавяла ёй грошы. Але пакупку, якую аплаціла, не атрымала. Тады яна звярнулася да прадаўца з просьбай аб вяртанні грошай. Той нібыта з мэтай вяртання сродкаў сказаў прадаставіць рэквізіты банкаўскай карткі, што яна і зрабіла. А пасля на яе аформілі паслугу ў інтэрнэце коштам 300 рублёў…
Каб не стаць ахвярай зламыснікаў, не трэба паведамляць незнаёмым людзям, тым больш у сацсетках і месанджарах канфідэнцыяльную інфармацыю (асабістыя даныя, нумары банкаўскіх картак, лагіны, паролі і г. д.). Не ўстанаўлівайце ніякія праграмы ці дадаткі для доступу да вашага камп’ютара ці тэлефона.

Чужыя колы
РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу аўтамабіля «Таёта-Карола» з двара дома ў Ляхавічах. Устаноўлена, што крадзеж ноччу ўчынілі два жыхары раёна, адзін з якіх непаўналетні.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.