Гісторыя з крымінальным вышукам.Супрацоўнікі крымінальнага вышуку адзначылі сваё прафесійнае свята і 106-ы год з дня стварэння службы

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку 5 кастрычніка адзначылі сваё прафесійнае свята і 106-ы год з дня стварэння службы. А напярэдадні знакавай даты ў Ляхавіцкім РАУС па традыцыі сустрэліся ветэраны крымінальнага вышуку і сённяшнія супрацоўнікі райаддзела.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Служба ў міліцыі – камандная работа, у якой вялікае значэнне маюць надзейнае плячо напарніка і мудрая парада вопытных ветэранаў.
Падчас сустрэчы ў іх адрас гучалі шчырыя словы ўдзячнасці за адданасць справе, нераўнадушнасць і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Першы намеснік начальніка РАУС Віталій Чабатарэнка ўручыў граматы ветэранам райаддзела Аляксандру Бурбіцкаму, Генадзію Савасцюку, Анатолію Ушко, Алегу Урбановічу і Вадзіму Зубіку. Шчыра павіншаваў калег і ветэранаў крыміналь-нага вышуку намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок, які падкрэсліў, што намаганнямі не аднаго пакалення мясцовых праваахоўнікаў закладзены добрыя традыцыі РАУС, і сённяшнія супрацоўнікі дастойна трымаюць марку і выконваюць задачы, пастаўленыя перад імі.
Непарушная традыцыя – мінутай маўчання ўшанавалі памяць калег, якія пайшлі з жыцця, кожнага з іх узгадалі пайменна, у кожнага ў той дзень пабывалі на могілках.
…Учарашнім аператыў-нікам, за плячыма якіх дзясяткі раскрытых злачынстваў, ёсць што расказаць калегам, якія сёння стаяць на варце закону. Па іх успамінах можна напісаць не адзін захапляльны серыял.
Аляксандр Бурбіцкі ўзначальваў падраздзяленне крымінальнага вышуку з 1998 па 2002 год і прыйшоў сюды з пасады старшага следчага. Калегі і сёння яго імя па бацьку Пятровіч вымаўляюць з асаблівай павагай. За час міліцэйскай службы Бурбіцкі быў першым намеснікам начальніка і начальнікам РАУС. Ён заўсёды падкрэслівае, што ў дзейнасці супрацоўнікаў крыміналь­нага вышуку вельмі важнай з’яўляецца падтрымка калег. Так, калі ў пачатку двухтысячных расследавалі справу па знікненні ляхавічаніна, то цесна супрацоўнічалі і з райаддзеламі з суседніх раёнаў. Разам
з Вадзімам Зубікам тады выйшлі на след злачынцаў, якія ў выніку атрымалі заслужанае пакаранне. Самымі складанымі былі 90-я гады. Шмат аператыўных дзеянняў было і па справе па двайным згвалтаванні на аўтадарозе Ляхавічы – Баранавічы, калі злачынца наздзекаваўся спачатку з непаўналетняй дзяўчынкі, а пасля з жанчыны, якую падабраў па дарозе. Прыгадвае былы сышчык і разбойнае нападзенне на сям’ю пенсіянераў, у якіх злачынцы патрабавалі каштоўнасці і здзека-валіся з іх. Тады вялася аператыўная карпатлівая работа, адпрацоўваліся ўсе магчымыя катэгорыі насельніцтва, што маглі мець дачыненне да злачынства.
– Аператыўнік заўсёды працуе на атрыманне інфармацыі. Веданне аператыўнай сітуацыі і падуліковага кантынгенту, аператыўныя кемлівасць і камбінацыі дапамагалі раскрываць складаныя крымінальныя справы, – падкрэслівае Аляксандр Бурбіцкі.
Па ўспамінах ветэранаў, аператыўная служба ва ўсе часы звязана з рызыкай, графікам без межаў і дзясяткамі пераадоленых кіламетраў дзеля раскручвання заблытаных крымінальных слядоў. Алег Урбановіч расказаў, як для збору даных ездзілі ў камандзіроўкі ў Санкт-Пецярбург, Маскву, праводзілі вышуковую аперацыю ў раёне Навасёлак сумесна з калегамі з Ганцавіцкага РАУС і г. д. Генадзій Савасцюк падзяліўся, як ішла служба ў ліхія 90-я гады. Пра гэты час шмат расказаў і Анатолій Ушко: як быў у камандзіроўцы ў Баку, як канваіравалі грамадзяніна Расіі, як пасля ўцёку злачынца цесна працавалі каля двух месяцаў з калегамі з Ганцавіцкага райаддзела. Пра службу і кур’ёзныя выпадкі ўзгадаў і былы аператыўнік Вадзім Зубік.
– Служба ў крымінальным вышуку, як і ўсе іншыя ў міліцыі, небяспечная, непрадказальная і складаная. Але ў той жа час цікавая і адказная. Наш невялікі, але зладжаны калектыў сышчыкаў дастойна прадаўжае закладзеныя традыцыі, павышае прафесійнае майстэрства і ўносіць асабісты ўклад у справу барацьбы са злачыннасцю, – адзначае начальнік крымінальнага вышуку Віталій Давідоўскі.
У ліпені вызначыўся оперупаўнаважаны Максім Плошчанка. У свой выхадны дзень ён затрымаў злачынца, на рахунку якога серыя крадзяжоў з жылых дамоў у Ляхавічах, Пінску, Баранавіцкім раёне і ў Кобрыне. Інфармацыя па злачынцу была ў распрацоўцы і на чыгуначным вакзале, калі яго ўбачыў, прыняў усе меры па затрыманні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.