Рэлігійным суполкам патрабуецца перарэгістрацыя. У Ляхавічах адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацый

У Ляхавічах адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацый пры райвыканкаме. Удзел у ім узялі прадстаўнікі духавенства розных рэлігійных канфесій, зарэгістраваных у Ляхавіцкім раёне.

Старшыня камісіі намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк адзначыў, што выхаванне патрыятызму і духоўнасці – задачы, якія павінны разам вырашаць як свецкія ўстановы, так і рэлігійныя арганізацыі, прычым рабіць гэта ў цесным узаемадзеянні і плённым супрацоўніцтве. Асаблівую ўвагу неабходна звяртаць на выніковую работу з моладдзю, каб юнакі і дзяўчаты разумелі і цанілі духоўныя каштоўнасці і не трапілі пад уплыў чужых ідэалаў. Алег Траццяк адзначыў, што на Ляхавіччыне ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных канфесій: праваслаўныя, католікі, мусульмане. Усяго зарэгістравана 23 рэлігійныя суполкі: 8 праваслаўных, па 7 каталіцкіх і хрысціян веры евангельскай, адна мусульманская. Сёлета ў красавіку зарэгістравана рэлігійная суполка «Прыход храма Свято-
га вялікамучаніка Георгія Перамаганосца ў г. Ляхавічы Пінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы».
Змяненні ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць дзейнасць рэлігійных суполак, – адно з пытанняў парадку дня. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч расказала, што з 1 ліпеня 2024 года ўступіў у дзеянне Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый». Уведзены новыя тэрміны і трактоўкі. У прыватнасці, у артыкуле 8 «Дзяржава і рэлігійныя арганізацыі» ўнесена дапаўненне наконт таго, што забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Беларусі, на прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасці і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама на забарону атрымання абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі. Дабаўлены артыкул 10 «Рэлігійная асвета», у якім указана, што рэлігійныя арганізацыі могуць ствараць нядзельныя рэлігійныя школы для дзяцей і групы рэлігійнай асветы для дарослых. Прычым для гэтага нельга выкарыстоўваць установы адукацыі як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Наведванне непаўналетнімі
нядзельнай рэлігійнай школы ажыццяўляецца толькі на падставе пісьмовага дазволу законнага прадстаўніка дзяцей. Змест праграм нядзельных школ і груп рэлігійнай асветы не павінен супярэчыць ідэалогіі агульнапрынятых традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа. Ларыса Юшкевіч нагадала, што рэлігійная асвета ажыццяўляецца выключна на дзяржаўных мовах Беларусі –
рускай і беларускай, тычыцца гэта і выкарыстоўваемай літаратуры, і нагляднага матэрыялу. Рэлігійная літаратура, іншыя друкаваныя, аўдыё- і відэаматэрыялы распаўсюджваюцца рэлігійнымі арганізацыямі ў памяшканнях, якія належаць ім на праве ўласнасці, а таксама на спецыялізаваных выставах, кірмашах, фестывалях, праводзімых у адпаведнасці з заканадаўствам, і на
выдзеленых распарадчымі органамі для гэтых месцаў тэрыторыях. Забараняецца распаўсюджванне такога кшталту матэрыялаў шляхам раздачы па жылых дамах, у інтэрнатах, грамадскім транспарце і г. д.
Богаслужэнні, рэлігійныя абрады, рытуалы праводзяцца бесперашкодна ў культавых збудаваннях і на зямельных участках, дзе гэтыя будынкі размешчаны. Могуць яны праводзіцца і па месцы жыхарства грамадзян па іх просьбе пры ўмове выканання правілаў карыстання жылымі памяшканнямі. Масавыя рэлігійныя мерапрыемствы пад адкрытым небам і ў памяшканнях, не прызначаных для такіх мэт, могуць праводзіцца толькі пасля прыняцця адпаведнага рашэння кіраўніком мясцовага выканаўчага і распарадчага органа.
Згодна з заканадаўствам рэлігійныя арганізацыі не ўдзельнічаюць у дзейнасці палітычных партый і не аказваюць ім фінансавай і іншай падтрымкі.
Алег Траццяк звярнуў увагу, што ў месцах богаслужэнняў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў, мітынгаў і іншых мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступленняў, заклікаў, якія зневажаюць прадстаўнікоў органаў улады, службовых асоб і асобных грамадзян.
Таксама Ларыса Юшкевіч падрабязна спынілася на алгарытме перарэгістрацыі рэлігійных суполак, якую неабходна правесці абавязкова і атрымаць адпаведнае пасведчанне. Так, для перарэгістрацыі, як, дарэчы, і рэгістрацыі рэлігійнай суполкі, неабходна не менш за 20 заснавальнікаў – грамадзян Рэспублікі Беларусь, якім споўнілася 18 гадоў, зарэгістраваных па месцы жыхарства. Дарэчы, адзін грамадзянін можа быць заснавальнікам толькі адной рэлігійнай суполкі. Ларыса Юшкевіч падкрэсліла, што не варта адкладваць перарэгістрацыю на потым.
Былі ўзняты і іншыя арганізацыйныя пытанні.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.