Урок творчай граматы. Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнты «ЛВ» пабывалі ў Ляхавіцкай ДШМ
Пазнаваць свет з дапамогай музыкі, фарбаў, танца і адчуваць яго душой вучаць у Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнты «ЛВ» пабывалі ў ДШМ і натхніліся працай тых, хто раскрывае таленты дзяцей, запальвае на творчым небасхіле новыя зоркі і дае ім пуцёўку ў свет мастацтва.
Дзіцячая школа мастацтваў – самы музычны будынак на вуліцы Кам-
самольскай у райцэнтры. Адсюль здалёк разносяцца гукі гітары, скрыпкі, фартэпіяна, трубы і іншых інструментаў – ідуць заняткі.
У класе духавых інструментаў урок вядзе Мікалай Шклянік, ігры на гітары вучаць Жанна Рыжая і Таццяна Ладзілава, папуры з вядомых мелодый на фартэпіяна выдае Уладзімір Піваварчук…
Сёння калектыў установы – больш за тры дзясяткі настаўнікаў, сярод якіх большасць – выпускнікі, якія ў свой час вярнуліся ў сваю школу дыпламаванымі спецыялістамі.
Для многіх тутэйшых педагогаў ДШМ стала калі не другім домам, то справай, якой яны аддаюць душу і сэрца, не шкадуючы ўласнага часу і сілы. Сярод такіх настаўнік па класе баяна Якаў Мурзіч, кіраўнік народнага аркестра «Водар» Ларыса Муралава, настаўнік тэарэтычных дысцыплін Алена Равінская і загадчык тэарэтычнага аддзялення Святлана Мініч, настаўнік па класе фартэпіяна Ірына Клімашэўская, настаўнік па класе акардэона Аляксей Беразоўскі, канцэртмайстар Людміла Калясінская, акампаніятар Алена Тумаш і многія іншыя. За шмат гадоў прафесійнай дзейнасці яны падрыхтавалі не адно пакаленне цудоўных музыкантаў, многія з якіх прадоўжылі навучанне па профілі.
Настаўнікі Ляхавіцкай ДШМ да навучання юных дараванняў падыходзяць творча, адказна і нераўнадушна. І пацвярджэнне таму – высокія адзнакі і званні навучэнцаў на конкурсах рознага ўзроўню.
У складзе ансамбляў школы мастацтваў не толькі сённяшнія, але і былыя навучэнцы. Такімі калектывамі кіруюць Жанна Рыжая (ансамбль гітарыстаў «Сем нот, шэсць струн»), Барыс Шабановіч (ансамбль духавікоў «Спадарожнік»), Вольга Сілівончык (ансамбль скрыпачоў), Таццяна Ладзілава (ансамбль гітарыстаў «Рэзананс» і Святлана Чорная (ансамбль «Адэль»).
Народны інструментальны ансамбль «Джаз-Арт» землякам вядомы
ўжо больш за два дзесяцігоддзі, раней – пад назвай «Дыксіленд». Яго нязменны кіраўнік Барыс Шабановіч у калектыве аб’ядноўвае таленавітых калег з розных аддзяленняў, і кожны з іх уносіць у агульную карціну сваю ноту: Мікалай Шклянік іграе на кларнеце, Уладзімір Піваварчук – на фартэпіяна, Аляксандр Маляр – на трубе, Аляксей Беразоўскі – на акардэоне, Жанна Рыжая – на гітары. Ударнікам па сумяшчальніцтве дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь.
Выступленні маладзёжнага кавер-бэнда «Вясна», вядомага выкананнем сучаснай музыкі, выйшлі за межы школы. Яго міні-канцэрты дораць цудоўны настрой землякам.
У калектыве Яфім Яковіч, Ганна Курчая, Святлана Чорная, Жанна Рыжая, а вакаліст – дырэктар ДШМ Марыя Камінская. Інструментарый кожнаму ўдзельніку калектыву распісвае яго кіраўнік Таццяна Ладзілава.
Два гады назад да вялікай сям’і ДШМ далучылася народная эксперыментальная вакальная група «Берагіня» (кіраўнікі Людміла Іваноўская і Вольга Цімашок). І сёння ў школе тры калектывы са званнем «народны». Пры ДШМ працуе студыя, дзе не толькі маладое пакаленне, але і дарослыя вучацца ігры на гітары. А дапамагаюць ім у гэтым настаўнікі Таццяна Ладзілава і Жанна Рыжая. Апошняя ў школе і прафсаюзны лідар.
Калі музычнае аддзяленне ДШМ прапісана па вуліцы Камсамольскай, 8, то харэаграфічнае, мастацкае і тэарэтычнае аддзяленні ўжо каторы час размешчаны ў будынку на плошчы Леніна. На чале харэаграфічнага аддзялення – вопытны настаўнік-харэограф Таццяна Яўсей. Каля трох гадоў далучае юных выхаванцаў да непаўторнага свету танца Аляксандра Яўсеева. А сёлета ў каманду прыйшла і малады спецыяліст Вольга Дамашэвіч. Дарэчы, акрамя Вольгі ў статусе настаўнікаў-навічкоў яшчэ і настаўнік тэарэтычных дысцыплін Крысціна Галушка, канцэрт-майстры Антон Мілюк і Вікторыя Шэўчык. Усе яны выхаванцы Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
З харэаграфіяй суседнічаюць «мастакі», дзе галоўны – Віктар Кухоцкі. Летась у калектыў увайшла малады спецыяліст Ірына Кірыла. Яны вучаць сваіх выхаванцаў розным тэхнікам малявання і фарміруюць уласны стыль, пастаянна ўдасканальваюць прафесійны ўзровень і выязджаюць на разнастайныя пленэры.
Поспех любой установы залежыць не толькі ад умоў працы і матэрыяльна-тэхнічнай базы, але і ад кіраўніцтва – кампетэнтнага і нераўнадушнага. Чатыры гады ўзначальвае ДШМ Марыя Камінская – кіраўнік творчы і энергічны. Намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Тулейка з кагорты тых педагогаў, хто шчодра дзеліцца сваім майстэрствам з навучэнцамі і калегамі і мае творча-душэўнае стаўленне да навучання юных музыкантаў.
– Свет мастацтва заўсёды адкрыты для нашых выхаванцаў, якія
не ўяўляюць сябе без песні, танца, музыкі і магчымасці адлюстроўваць на палатне пачуцці і моманты. І нашы настаўнікі знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і развіцці, адкрываюць перад навучэнцамі новыя гарызонты. Шчыра віншую ўсіх калег і работнікаў культуры з прафесійным святам і жадаю пазітыву, крэатыву і энергіі, – адрасуе віншаванні дырэктар Ляхавіцкай ДШМ Марыя Камінская.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.