МАМА заўжды побач. 14 кастрычніка – у Беларусі адзначаецца Дзень маці
14 кастрычніка – самы пяшчотны дзень, самы родны і цёплы. У Беларусі адзначаецца Дзень маці. Са святам, самыя дарагія!
Мы нараджаемся і прыходзім у гэты свет з вялікай мамінай любоўю. І з гэтых момантаў сэрца самага галоўнага чалавека ў жыцці б’ецца за нас дваіх.
«Дачушцы месячык», «а вось сынуля пераварочваецца ўжо самастойна на жывоцік», «першы крок»… – самыя шчырыя словы, што занатавала мама ў вашым першым фотаальбоме. Яна без альбомаў і запісаў помніць кожную дату маленькага дасягнення. Мама побач.
Яна ведае кожны радок вершаванага твора, што так доўга давялося вучыць перад навагоднім ранішнікам. Яна самы галоўны і адданы фанат, які сядзіць у першым радзе, хвалюецца, падтрымлівае, здымае ўсё на смартфон, ледзь стрымлівае слёзы ад гонару. Мама побач.
Футбол, баскетбол, дзюдо… На татамі выходзіць упэўнены ў сабе баец. А гэта ж мама за ноч да спаборніцтваў настройвала на перамогу, рыхтавала форму юнаму спартсмену і цяпер заплюшвае вочы ад кожнай чарговай спробы саперніка пайсці на іпон. І ў гэтым, дарэчы, яна разбіраецца. Мама ў тэме. Мама побач.
«Як перажыць выпускны?» Напэўна, гэту фразу гаварыла сабе кожная мама. Як, калі і чаму так хутка і бязлітасна праляцеў час? Яшчэ нядаўна трымалі ручку няўпэўненага першакласніка,
а сёння сэрца трапяціць, што крывіначка выбірае сваю будучыню. Гэта ўжо не той шахвараст, што забыў школьную форму на прыпынку ці падправіў ацэнку ў школьным дзённіку. На выпускным школьным бале дарослыя, самастойныя маладыя людзі, якім, здаецца, ужо і не падабаецца, і нават трохі сарамліва ад бацькоўскага клопату. А матуля папраўляў каўнер кашулі, прымацоўвае стужку да сукенкі – а сэрца сціскаецца ад невядомых дагэтуль пачуццяў – здаецца, усё адчуваеш адразу: гонар, пяшчота, любоў, сумненне, страх невядомага і сум. Мама клапоціцца, мітусіцца, забыўшыся пра сябе, комам у горле кожнае слова настаўніка, віншаванні, пажаданні.
А там паляцела жыццё: паступленне, дыплом, першая праца, вяселле і ўнукі… І сэрца б’ецца яшчэ мацней. Дарослы ж ужо сынок, а усё так
хвалюешся за яго, калі на рабоце праверка. А часам трэба трапіць-напрасіцца ў графік, каб заехаў на абед. А дачка ўчора папрасіла з унукам пасядзець – за шчасце! Мама побач.
…Баліць-сумуе маміна сэрца, калі дзеці далёка. Але і на адлегласці ўсё пад кантролем. «Чаму сёння тэлеграм не здымала? Як там у вас, холадна? А шапка дзе?» – штурмуе сацыяльныя сеткі мама, бо хвілінка роднага голасу напаўняе заклапочанае сэрца шчасцем. Мама побач, нават калі дзеці на далёкай поўначы ці на другім кантыненце.
Мы ўжо дарослыя і збіраем у альбомы фотаздымкі свайго жыцця, там ужо нашы дзеці ў месячык, робяць крок і трымаюць цацку. А ў нашых матуляў-бабуляў, як самы каштоўны скарб, захоўваецца той самы альбомчык пра нас, а на сцяне папаўняецца дамашняя галерэя. І зноў жа, без падказак і запісаў яна раскажа, як справы ў кожнага з унукаў, і як там пажываюць праўнучкі.
Мамы побач. І колькі б нам ні было гадоў, адно маміна слова, погляд, той успамін з дзяцінства здольны стварыць цуд. Бо МАМА і ёсць Божы цуд.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.