Вераснёўскія маладыя. У верасні ў Ляхавіцкім раёне зарэгістравана нараджэнне шасці хлопчыкаў і адной дзяўчынкі

У верасні ў Ляхавіцкім раёне зарэгістравана нараджэнне шасці хлопчыкаў і адной дзяўчынкі, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.

Бацькі назвалі сваіх сыноў Вадзімам, Усеваладам, Яўгеніем, Міронам, Раманам і Цімурам, дачцэ далі імя Багдана. Здаравячком месяца стаў Яўгеній, вага якога пры нараджэнні склала 4 620 грамаў пры росце 57 сантыметраў. У сям’і ён трэцяе дзіця.
Першынец нарадзіўся ў дзвюх сем’ях, другое дзіця – у трох, трэцяе – у адной сям’і. Пятае дзіця зарэгістравана ў адной сям’і нашых землякоў.
Сярэдні ўзрост вераснёўскіх татаў – 33 гады, матуль – 28. Статус самых маладых бацькоў – у 28-гадовага жыхара Ляхавіччыны і 23-гадовай зямлячкі. Старэйшыя бацькі – 38-гадовы і 35-гадовая.
У першым восеньскім месяцы вяселле згулялі сем пар. Сярэдні ўзрост вераснёўскага жаніха – 35 гадоў, нявесты – 36. Мінімальным узростам уступлення ў шлюб на гэты раз стаў 24-гадовы для жаніха і 26-гадовы для нявесты. Марш Мендэльсона гучаў для 64-гадовага жаніха і 56-гадовай нявесты.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.