Сустаўны сіндром. 12 кастрычніка – Сусветны дзень барацьбы з артрытам

Артрыт ці запаленне суставаў – распаўсюджанае захворванне. Яно суправаджаецца болем, парушэннем рухаў і нярэдка з’яўляецца прычынай інваліднасці.

Захворванне можа развівацца ў любым узросце. Так, ювеніяльны артрыт развіваецца ў дзяцей да 16 гадоў, рэўматоідны часцей паражае жанчын ва ўзросце ад 40 да 55 гадоў, інфекцыйны траўма-
тычны аднолькава распаўсюджаны сярод дарослых і дзяцей.

Неадкладна звяртайцеся за меддапамогай, калі з’явіліся наступныя сімптомы:
●сустаўныя болі, што суправаджаюцца пачырваненнем і ацёчнасцю тканак;
●раптоўнае павышэнне тэмпературы цела пры болях у адным або некалькіх суставах;
●начныя сустаўныя болі і ранішняя скаванасць, што пра-
ходзіць пасля пачатку руху;
●сустаў павялічыўся ў аб’ёме, пры прашчупванні можна выявіць ушчыльненыя балючыя мяккія тканкі;
●болі і іншыя прыкметы запалення ў суставе пры артрыце то з’яўляюцца, то праходзяць.
Без папярэдняга абследавання назначыць эфектыўнае лячэнне артрыта немагчыма. Для ўстанаўлення клінічнай формы і віду захворвання праводзіцца лабараторная дыягностыка: агульнаклінічны, біяхімічны, імуналагічны аналізы крыві, а таксама ультрагукавое даследаванне, магнітна-рэзанансная тамаграфія і артраскапія.
Для прафілактыкі развіцця артрытаў і іх рэцыдываў трэба
выконваць наступныя рэкамендацыі:
●сачыць за сваёй вагой, выключыць цяжкія фізічныя нагрузкі;
●весці рухомы лад жыцця, займацца гімнастыкай, плаваннем,
ёгай і іншымі падобнымі актыўнасцямі;
●пазбавіцца ад шкодных звычак;
●заўсёды высыпацца, пазбягаць зацяжных стрэсаў;
●своечасова лячыць пад кантролем урача ўсе хваробы;
●пры хранічных артрытах рэгулярна праходзіць курсы супрацьрэцыдыўнага лячэння.
Вялікае значэнне для здароўя суставаў мае паўнацэннае харчаванне. Але з рацыёну рэкамендуецца выключыць прадукты, здольныя выклікаць абвастрэнне паталагічнага працэсу: цыбулю, часнок, мясныя, рыбныя, грыбныя канцэнтраваныя булёны, тлустыя, смажаныя, вэнджаныя прадукты, алкаголь, саладосці, здобу.

Улада ЦАЛЕВІЧ,
урач агульнай практыкі
Ляхавіцкай ЦРБ.