Кляшчоў баяцца, а ў лес хадзіць
Пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені для наведвальнікаў лясных масіваў пэўную небяспеку ўяўляюць кляшчы – пераносчыкі небяспечных інфекцый.
Клешчавы энцэфаліт – вострае віруснае захворванне. Пасля ўкусу кляшча яно развіваецца ў перыяд ад некалькіх гадзін да 26 дзён. Пачынаецца, як правіла, востра: з дрыжыкаў, галаўнога болю ў лобнай
часці, агульнага недамагання, магчымы лёгкія болі ў вобласці мышцаў шыі, канечнасцяў, млоснасць, ірвота, пачырваненне твару. Тэмпература ў першыя 3–5 дзён не перавышае 38 градусаў. У гэты перыяд, не заўважыўшы ўкусу кляшча, многія вырашаюць, што гэта прастуда, і лечацца самастойна. Аднак праз 8–9 дзён, пасля паляпшэння стану, зноў развіваюцца галаўны боль, болі ў мышцах спіны і шыі, з’яўляецца святлабоязь, тэмпература павышаецца
да 39-40 градусаў.
Лайм-барэліёз – вострае бактэрыяльнае захворванне, якое пераходзіць ў хранічнае. Скрыты перыяд хваробы можа доўжыцца ад 2 да 30 дзён, часам 6 месяцаў. Характарызуецца грыпападобным цячэннем з гарачкай, галаўнымі болямі, болямі ў мышцах і суставах.
Магчымы млоснасць, ірвота, сухі кашаль, насмарк, пяршэнне ў горле.
На месцы прысмоктвання кляшча праз адзін-два тыдні з’яўляецца выразная чырвоная пляма, у сярэдзіне больш светлая, якая павялічваецца, потым падобныя кольцы з’яўляюцца ў іншых месцах. У вобласці плямы адзначаюцца моцная пякота, сверб, боль. Калі не лячыцца, хвароба пераходзіць у хранічную. На позніх стадыях развіваюцца цяжкія пашкоджанні органаў і сістэм, што можа прывесці нават да інваліднасці.
Заразіцца клешчавым энцэфалітам можна і пры траплянні віруса на слізістыя часткі губ, вачэй, носа, рота, праз забруджаныя рукі пасля
раздушвання кляшча пры яго зняцці, пры ўжыванні сырога казінага малака.
Кожны павінен выконваць меры перасцярогі:
✓збіраючыся ў лес, на пашу або сенакос, надзеньце адзенне
(пажадана светлае) і абутак, што максімальна абараняюць ад пранікнення кляшчоў. Шчыльна зашпіліце каўнер і манжэты, кашулю запраўце ў штаны, штаны ў шкарпэткі і гумавыя боты;
✓праводзьце сама- і ўзаемаагляды праз кожныя дзве гадзіны знаходжання ў лесе і пасля выхаду яго для выяўлення і зняцця кляшчоў. Асаблівую ўвагу звяртайце на валасістыя часткі цела;
✓для адпужвання кляшчоў выкарыстоўвайце спецыяльныя сродкі – рэпеленты;
✓на дачных і прысядзібных участках рэгулярна скошвайце траву, высякайце непатрэбныя кусты і дрэвы, выдаляйце сухастой. Не дапускайце звалак бытавога смецця на асабістых дачных участках, вядзіце барацьбу з грызунамі;
✓не дапускайце выпасу коз у лясной зоне, своечасова здымайце з іх кляшчоў, малако ўжывайце толькі кіпячонае.
Пры выяўленні кляшча, што прысмактаўся, неадкладна выдаліце яго з дапамогай спецыяльных устройстваў (прадаюцца ў аптэках) або з дапамогай пятлі з баваўнянай ніткі, накінутай бліжэй да хабатка. Месца ўкусу апрацуйце ёдам або любым спіртавым растворам.
Пасля абавязкова звярніцеся да ўрача-інфекцыяніста або ўчаст-
ковага тэрапеўта (педыятра) для назначэння прафілактычнага лячэння і ўстанаўлення медыцынскага назірання.
Максімальны прафілактычны эфект дасягаецца толькі ў тым выпадку, калі экстранная прафілактыка пачалася ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу.
Знятага кляшча можна пакласці ў шкляны або пластыкавы флакон, які шчыльна закрываецца, і даследаваць на чатыры клешчавыя інфекцыі (клешчавы энцэфаліт, Лайм-барэліёз, эрліхіёз, анаплазмоз) у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі г. Баранавічы (вул. 50 гадоў ВЛКСМ, 9,
каб. № 14) і ў Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (г. Брэст, пл. Свабоды, 9, 1-ы паверх).
Даследаванне праводзіцца на платнай аснове.
Леанарда ШЫНГЕЛЬ,
памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.