Дзіцячым пляцоўкам не хапае парадку. У Ляхавіцкім раёне больш за паўсотні дзіцячых пляцовак. Штогод праводзіцца іх абследаванне

У Ляхавіцкім раёне больш за паўсотні дзіцячых пляцовак. Штогод праводзіцца іх абследаванне, па выніках якога вядзецца далейшае добраўпарадкаванне.

Канешне, у цёплую пару года гэтыя месцы агульнага карыстання больш папулярныя, але і цяпер яны запатрабаваныя. Неаднойчы рэйдавыя групы ў складзе прадстаўнікоў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, санітарнай службы, карэспандэнтаў «ЛВ» маніторылі парадак і бяспеку на гэтых аб’ектах.

1

Пытанне на пастаянным кантролі раённай улады, пракуратуры. На вераснёўскай сесіі райсавета дэпутатаў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч даў даручэнне адказным службам чарговы раз праверыць стан дзіцячых пляцовак, вызначыць праблемныя моманты.
На мінулым тыдні дзіцячыя пляцоўкі райцэнтра зноў трапілі ў поле зроку начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марыны Завадскай, памочніка ўрача-гігіеніста райЦГіЭ Дануты Багдановіч і карэспандэнта «ЛВ». Па інфармацыі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», у нашым раёне больш за паўсотні дзіцячых пляцовак, пераважная большасць – у горадзе. У якім яны стане, і паказаў кастрычніцкі маніторынг.
– Штогод напачатку вясны і восенню праводзім такія маніторынгі, каб вызначыцца, якія работы неабходна правесці, каб дзіцячыя пляцоўкі былі адрамантаванымі, добраўпарад-каванымі і, галоўнае, бяспечнымі. Камунгас праводзіць пэўную работу па ўладкаванні такіх аб’ектаў. Але, на жаль, не ў поўным аб’ёме. Акрамя навядзення парадку, на некаторых пляцоўках патрабуецца замена абсталявання. Зараз праверым, што можна падрамантаваць, уладкаваць, прыбраць без істотнага фінансавання, а дзе спатрэбяцца значныя ўкладанні. Акрамя таго, вызначым задачы на перспектыву, – адзначае Марына Завадская.
Першай у поле зроку рэйдавай групы трапіла дзіцячая пляцоўка каля дома-навасельца па адрасе вуліца Будаўнікоў, 1 (фота 1). Гэты аб’ект – узор таго, якой павінна быць дзіцячая пляцоўка. Арэлі, разнастайныя дзіцячыя аб’екты ў ідэальным парадку, камфортнае і пакрыццё на зямлі – з клопатам пра бяспеку дзяцей. Цяпер землякі ў адказе за тое, каб пляцоўка як мага даўжэй заставалася менавіта ў такім стане і не ператварылася ў пляцоўку, ад якой засталася толькі назва. Як, напрыклад, у двары дома № 6 па вуліцы Будаўнікоў. З усяго дзіцячага абсталявання засталіся толькі абрысы пясочніцы, а вакол усё зарасло травой. Як гаворыцца, адчуйце розніцу.
Чацвёрка па пяцібальнай сістэме – такую адзнаку члены рэйдавай групы паставілі дзіцячай пляцоўцы ў двары дамоў № 5 і 5а па завулку Южакова. Арэлі пафарбаваны, пясочніцы запоў-нены пяском. Усю карціну сапсавалі абдзёртыя лавачкі праз некалькі метраў.

2


Наступны прыпынак – дваровая тэрыторыя дома № 20 па вуліцы Будаўнікоў (фота 2).
З першага позірку, стан дзіцячай пляцоўкі здавальняючы, але, калі прыглядзецца, то мінусаў нямала. Замест пяску ў пясочніцы рваны кардон, яе драўляныя дэталі даўно не бачылі фарбы, лаўкі просяць рамонту. Але самая істотная небяспека побач – сядзенне арэляў паламанае. Страшна ўявіць, чым можа закончыцца гушканне дзіцяці на такіх арэлях. Не варта чакаць трагічнага выпадку, каб адрамантаваць арэлі. І не толькі па ўказаным адрасе. Такія небяспечныя сядзенні на арэлях у двары дамоў № 24 і
№ 26 па вуліцы Будаўнікоў. А на дваровай тэрыторыі дома № 3 па вуліцы Кальцавой і ўвогуле ад арэляў засталіся толькі ланцугі, сядзенне знікла.
– На жаль, даводзіцца канстатаваць, што ёсць дзіцячыя пляцоўкі, якія з году ў год трапляюць у спіс неўпарадкаваных. Тычыцца гэта шэрага двароў шматкватэрнікаў па вуліцах Чкалава, Будаўнікоў, Інтэрнацыянальнай, Южакова, Арлоўскага. Так двор дома № 22
па вуліцы Арлоўскага не адзін год «упрыгожвае» тое, што засталося ад дзіцячай пляцоўкі, –
іржавая старая горка, вакол якой у траве раскідана смецце. Яшчэ год назад дзіцячая пляцоўка ў двары дома № 21а па вуліцы Чкалава лічылася ўзорнай. Яе адрозненне ад большасці аналагічных аб’ектаў – у камфортным пакрыцці, якое зусім нетраўматычнае. Знайшліся дзікуны, якія пашкодзілі і нават выламалі ў некаторых месцах пліткі пакрыцця. З часам такіх пашкоджанняў станавілася ўсё больш, і рамонт да гэтага аб’екта так і не дайшоў, – сказала Марына Завадская.
Абследаваны ўсе дзіцячыя пляцоўкі, праблемы занатаваны і будуць перададзены ў Ляхавіцкі камунгас, будзе ажыццяўляцца кантроль за выкананнем.
– Агульнае для пераважнай большасці дзіцячых пляцоўвак –
неабходна падсыпаць пясок у пясочніцах, пафарбаваць абсталяванне, патрабуецца і рамонт, дзесьці – і замена абсталявання. Са станоўчага боку адзначу той факт, што літаральна паўсюдна трава скошана, смецце з пляцовак прыбіраецца своечасова, – каменціруе ўбачанае Данута Багдановіч.
Пачынаць добраўпарадкаваць дзіцячыя пляцоўкі неабходна
не адкладваючы на потым. Чаму б не зрабіць гэта ў першыя дні восеньскага месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, забеспячэнні належнага санітарнага стану і навядзенні парадку на тэрыторыях населеных пунктаў, які на Ляхавіччыне аб’яўлены з 14 кастрычніка па 29 лістапада.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.