Іржавае пытанне. Пытанне да мясцовага дэпутата паступіла на прамую лінію
Пытанне да мясцовага дэпутата паступіла на прамую лінію. Жыхар аграгарадка Малое Гарадзішча незадаволены станам вады –
яна мутная, іржавая. Што не так з вадой у населеным пункце, дзе не так даўно была пабудавана станцыя абязжалезвання. Сітуацыю вывучалі на месцы – у аграгарадок выехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, дырэктар камунгаса Андрэй Чайкоўскі, дэпутат па акрузе Маргарыта Кухта-Маслоўская. Зайшлі па некалькіх адрасах і што ўбачылі. На раніцу вада ішла чыстая, папярэдне папрацавалі работнікі камунгаса. Аднак, рашэнне часовае. Жыхарка населенага пункта прадэманстравала ржавы накіп на посудзе і тое, што творыцца ў адсеках для пральнага парашку. Сюжэт жахлівы.
Сітуацыю пракаментавалі ў камунгасе:
– Як паступіла скарга, выехалі на станцыю абязжалезвання і пераналадзілі яе работу – удасканалілі працэс прамыўкі. Зараз там палепшаная – гідрапнеўматычная – прамыўка, а, адпаведна, і лепшыя фільтруючыя здольнасці. Летась у аграгарадку завяршылі замену цэнтральнага водаправода. Аднак могуць узнікаць пытанні па адрасах, дзе яшчэ не зроблены падводы да жылых дамоў (урэзкі), – адзначыў начальнік участка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі камунгаса Уладзімір Ракавец.
Іншае пытанне, якое хвалюе аграгараджан, – падвод водаправода да дамоў: як і хто гэта павінен рабіць, за чый кошт і г. д. Алгарытм дзеяння растлумачыць камунгас падчас сходу грамадзян па гэтым пытанні, які адбудзецца 16 кастрычніка ў 15.00 у Малагарадзішчанскім СК.