Новае жыццё для зялёнага сябра. Ляхавіцкі лясгас запрашае землякоў прыняць удзел у добраахвотнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!»
Добраахвотная акцыя «Дай лесу новае жыццё!» праходзіць у Беларусі. Яе мэта – аднаўленне ветравальна-бураломных участкаў лесу, якія пацярпелі падчас стыхіі. Справа важная і ўсеагульная! Старт акцыі на мінулым тыдні даў Кіраўнік дзяржавы на сваёй малой радзіме ў Шклоўскім раёне.
Як расказалі ў Ляхавіцкім лясгасе, на асенні перыяд запланавана правядзенне лесааднаўлення на плошчы 20 гектараў, яшчэ на 180 гектарах будзе праводзіцца дапаўненне лясных культур. Паўтара гектара саснова-бярозавага лесу з’явіцца ў Востраўскім лясніцтве, якое пацярпела ад ліпеньскай стыхіі.
Для пасадкі спатрэбіцца тысяча сеянцаў бярозы і каля сямі тысяч сеянцаў сасны. Дарэчы, сасну вырошчваюць тут жа.
У цяпліцах Востраўскага лясніцтва пад апекай ляснічага Кацярыны Бародзіч зараз падрастае больш за 200 тысяч пакуль яшчэ кволых парасткаў, якія праз дзесяцігоддзі стануць сапраўдным упрыгажэннем нашых лясоў.
Лясгас запрасіў для ўдзелу ў акцыі ўсіх жадаючых. Арганізацыйныя пытанні можна вырашыць па нумарах 6-21-01 ці +375-33-320-48-19.