Каб праблемы не пацяклі. Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Ляхавіцкага раёна і камунальнай службы сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Малое Гарадзішча

Алгарытм падключэння да новага водаправода, кошт і тэрміны работ, нездавальняючая якасць вады – гэтыя і іншыя пытанні сталі цэнтральнымі падчас сустрэчы прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса раёна і камунальнай службы з жыхарамі аграгарадка Малое Гарадзішча.

Летась там завершаны капітальны рамонт участка водаправоднай сеткі працягласцю 2,2 кіламетра. Бытавая зручнасць праходзіць па вуліцах Савецкай, Новай, Камсамольскай. Аднак не ўсе жыхары сёння падключаны да новага водаправода, у гэтай справе шмат нюансаў, тэхнічных пытанняў.
– На прамыя лініі дэпутата па выбарчай акрузе сталі паступаць пытанні наконт забеспячэння вадой добрай якасці. Як высветлілася, гэта пытанне мае масавы характар, таму вырашылі зняць усе спрэчныя моманты падчас сустрэчы, – адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.


Цэнтральнае пытанне – хто і за чый кошт павінен падводзіць водаправод да дома.
– Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні Правілаў карыстання цэнтральнымі сістэмамі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі) у населеных пунктах водаправодныя ўводы і каналізацыйныя выпускі аднакватэрных, блакіра-ваных жылых дамоў ад месца далучэння да водаправоднай сеткі, уключаючы запорна-рэгулюючую арматуру, або каналізацыйнай сеткі ўваходзяць у мяжу эксплуатацыйнай адказнасці спажыўцоў, абанентаў (субабанентаў). Гэта значыць, што абаненты закупляюць неабходнае абсталяванне, а спецыяліс-ты камунгаса дапамогуць з падводам, – паведаміў дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» камунгаса Андрэй Чайкоўскі.
Канешне, у аграгараджан узнікла шмат пытанняў: як гэта будзе ажыццяўляцца ў шматкватэрных дамах, колькі трубы, якія яшчэ дэталі неабходны, дзе капаць і хто гэта будзе рабіць.
– Падвод водаправода да домаўладанняў – справа індывідуальная. Тут варта паглядзець кожны выпадак асобна. Таму прапануем наступны механізм. Старшыня сельвыканкама складзе спіс адрасоў, па якіх патрабуецца кансультацыя па азначаным пытанні. А спецыяліст камунальнай службы ў вызначаны дзень (узгаднім загадзя і паведамім дату) пракансультуе гас-падароў, абмяркуюць, што неабходна набыць, узгодніць тэрміны работ, – прапанаваў Юрый Чаранкевіч. Жыхары аграгарадка пагадзіліся.
– Аднак варта разумець, што зрабіць усё хутка і адразу ўсім немагчыма фізічна. Таму разлічваем на вашы разуменне і цярпенне, – падагульніў начальнік участка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзімір Ракавец.