З вышыні бацькавага росту
Даць сыну жыццё – не значыць стаць сапраўдным бацькам. Добры бацька, па меркаванні ляхавічаніна Аляксандра Шабановіча, імкнецца быць прыкладам для свайго дзіцяці і стараецца як мага больш часу праводзіць разам з ім.
Любімым татачкам ён стаў чатыры гады назад, калі нарадзіўся сын Ромка. І з таго часу ганарыцца бацькоўскай «пасадай» і не дзеліць працу на мужчынскую ці жаночую. І абед згатуе, і завядзе дзіця ў сад, і арганізуе святочны вечар з падарункамі і сюрпрызамі. З Ромкам яны даюць маме Марыне перапынак і адпраўляюцца на футбольную пляцоўку, катаюцца на веласіпедзе ці самакаце, займаюцца
іншымі цікавымі справамі. Лепшы атракцыён дзяцінства – гэта, канешне, тата. Ён, як ніхто іншы, умее паказаць свет з вышыні свайго росту – на татавых плячах так зручна і бяспечна!
Аляксандр нешта майструе, сын абавязкова назірае. Для яго нават і набор з рознымі інструментамі набылі. Галава сям’і ўмее іграць і на баяне, і на трубе. Падчас міні-канцэртаў сын падтанцоўвае ці падпявае. Да святаў ў дзіцячым садзе Ромка вучыць вершы і абавязкова расказвае бацькам, а тыя гучна апладзіруюць. А калі Аляксандр вяртаецца з работы, сын імчыць яму насустрач і абавязкова цікавіцца: «Што купіў?»
Аляксандр працуе ўрачом-хірургам у райбальніцы, і медыцынскія навыкі таксама плюс у выхаванні сына. Ён лічыць, што кожны бацька павінен навучыць сына тром момантам: самастойнасці і адказнасці, павазе да старэйшых і ўменню прымаць рашэнні. Адным словам – быць мужчынам! Такім прыкладам для яго з дзяцінства з’яўляецца бацька Барыс. І зараз ён азіраецца назад і прыгадвае, як у пэўнай сітуацыі паступаў родны чалавек. Не саромеецца і папрасіць парады, тым больш што бацька стаў любімым дзядулем для ўнука Ромкі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.