Дзядуля Вова і восем унукаў
Арцём, Яўгенія, Глеб, Васіліса, Аляксандр, Улада, Марк, Данііл… Што аб’ядноўвае ўладальнікаў гэтых імёнаў. Усё проста.
У гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак цудоўны дзядуля – наш зямляк дырэктар філіяла «Кааптранс» Ляхавіцкага райпо Уладзімір Равяка.
Як гэта быць дзядулем васьмі ўнукаў?
– Цудоўна, здорава, супер! Хоць, канешне, і вельмі адказна. Асабліва, калі ўсе ўнукі збіраюцца разам, а ўвагу трэба ўдзяліць кожнаму. Люблю дзетак, незалежна ад таго, якога яны ўзросту. З малышамі прыдумваем розныя гульні, забавы. Са старэйшымі можам сабрацца і схадзіць у лес па ягады альбо проста весела бавім час. Старэйшаму Арцёму 10 гадоў, а малодшай Уладзе ўсяго тры месячыкі. З асаблівым нецярпеннем мы з жонкай чакалі першага ўнука і радаваліся нашаму хлопчыку. Справа ў тым, што ў нас тры дачкі і, канешне, вельмі хацелі ўнучка. З сынам не атрымалася, затое я шчаслівы дзядуля пецярых хлопчыкаў-унукаў!
А ўнучкі – асаблівая, прыгожая, пяшчотная бабуліна і дзядулева
радасць, – дзеліцца Уладзімір Равяка.
Мнагадзетны дядуля шчыра расказвае пра тое, як яму даверылі купаць свайго ўнука-першынца, як разам з жонкай Нінай, калі прыязджаюць пагасцяваць дочкі з сем’ямі, гатуюць сняданак па заяўках дачок, зяцёў і ўнукаў. Дарэчы, па словах Уладзіміра Равякі, ён адразу знайшоў агульную мову з зяцямі, якія з задавальненнем і разуменнем прымаюць парады свайго цесця, у тым ліку і ў выхаванні дзяцей.
Мнагадзетны бацька з гонарам расказвае, як яны ўсёй вялікай сям’ёй радаваліся за сваю старэйшую дачку Анастасію, якая нарадзіла і выхоўвае шасцярых дзяцей, калі ёй уручылі ордэн Маці. Традыцыя шматдзетнай сям’і мае працяг!