Вера, любоў і нядзельная школа
Часам у жыцці шанцуе сустрэць зусім чужога чалавека, якому гатовы адкрыць душу, чые парады і навучанне не здаюцца празмернымі, а аўтарытэт у любых сітуацыях застаецца беспярэчным. Для Іаана Ніканчука такія акалічнасці – у прамым сэнсе пытанне прафпрыдатнасці.
Іерэй Іаан – настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Дараве. Строгі і любячы бацька для ўласных дзяцей Івана і Машы, а яшчэ духоўны айцец для сотняў прыхаджан, кіраўнік нядзельнай школы, на заняткі ў якую сёння прыходзіць каля 45 хлопчыкаў і дзяўчынак. У запоўненым штодзённымі царкоўнымі клопатамі жыцці ён знаходзіць жаданне і час сустракацца з падрастаючым пакаленнем, гаварыць пра веру, гісторыю і сапраўдныя каштоўнасці: сям’ю, сяброўства, Айчыну. Бацюшка праводзіць заняткі ў рэсурсным цэнтры па духоўна-маральным выхаванні ў Дараўскай СШ, ініцыяваў духоўныя сустрэчы ў суседнім аграгарадку Конькі, арганізуе традыцыйныя калядныя алімпіяды для школьнікаў, заўсёды «за» разам з імі апрануць спартыўную форму і паганяць футбольны ці валейбольны мяч, бласлаўляе на добрыя справы, вучыць дабрачыннасці і разам з дзецьмі рыхтуе святочныя падарункі для нямоглых землякоў. Бацюшка – таксама бацька!