Тата можа ўсё: і марафон, і сняданак. 21 кастрычніка ў Беларусі — Дзень бацькі

Любая роля бацьку па сілах. Ён – выхавальнік і прыклад для пераймання, мамін памочнік і завадатар сямейных спраў, гаспадар і будаўнік. І, самае важнае, ён, як і мама, бязмежна любіць сваіх дзяцей, клапоціцца пра іх і аберагае. Са святам, таты!

Ляхавічанін Іван Карповіч з дачкой Алісай і сынам Кірылам.

Сям’ю Карповічаў часта можна ўбачыць разам на стадыёне, веладарожках. Велакартэж узначальвае бацька, за ім на двухколым транспарце 15-гадовая Маргарыта, 10-гадовая Аліса і Кірыл, якому 8 гадоў. А кантралюе ўсё замыкаючая ў калоне мама Лена.

– Спорт – гэта і здароўе, і зарад бадзёрасці, і мноства эмоцый, і, самае галоўнае, мы разам! – адзначае ляхавічанін Іван Карповіч. – У нашай сям’і ў пашане розныя віды спорту:
футбол, тэніс, лёгкая атлетыка, веласіпед, ролікі і шмат чаго іншага. Здараецца, што выязджаем і ў Баранавічы ў Лядовы палац. Дарэчы, калі Кірылу было пяць гадоў, упершыню паставілі яго на канькі. Так атрымалася, што не я, як старэйшы і больш вопытны, яго вучыў тэхніцы катання на каньках, а сын быў у якасці настаўніка, заклікаў мяне не хвалявацца, – гаворыць мнагадзетны бацька.
Іван Карповіч – старшы інспектар па дазвольнай рабоце Ляхавіцкага РАУС і бадай самы спартыўны міліцыянер мясцовага райаддзела, які прымае ўдзел ва ўсіх лёгкаатлетычных іспытах сілавых структур і паспяхова абараняе асабісты спартыўны гонар, гонар РАУС і абласнога ўпраўлення. А яшчэ з вялікім жаданнем удзельнічае ў розных лёгкаатлетычных забегах. Традыцыя – Мінскі паўмарафон. А ў «Ляхавіцкіх мілях дабра» ўдзельнічалі ўсёй сям’ёй.
Калі бацька-пераможца вяртаецца дамоў, то кватэра ператвараецца ў фотастудыю: дзеці праводзяць фотасесію з татавымі медалямі! У спорце бацька для дзяцей бясспрэчны аўтарытэт!
Не толькі спорт аб’ядноўвае Карповічаў. У пашане і музыка.
– Як музыкант, канешне, не такі аўтарытэтны ў сям’і. Тут ужо я захапляюся поспехамі, у асноўным, пакуль дзявочымі. Старэйшая дачка – навучэнка Баранавіцкага музычнага каледжа, а малодшая займаецца па класе фартэпіяна ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў. Кірыл толькі самастойна спрабуе вывучыць клавішы фартэпіяна, – з гумарам адзначае Іван Карповіч.
Дарэчы, што датычыць сямейных клопатаў-абавязкаў, акрамя чыста мужчынскіх – прыбіць, адрамантаваць, наладзіць і г. д., Іван цудоўна спраўляецца, напрыклад, з прыгатаваннем смачных абедаў-вячэраў у выхадныя дні. Тут бацька таксама паказвае майстар-клас.