У аснове простых рэчаў лёс дзяржавы. У трэці чацвер месяца па традыцыі калектывы Ляхавіцкага раёна сустракаюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы

У трэці чацвер месяца па традыцыі калектывы раёна сустракаюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы. У кастрычніцкі чацвер ІПГ працавалі ў ТАА «ЮстаПласт», райбальніцы, на ТБЗ «Ляхавіцкі», у Ліпскай СШ, райветстанцыі.

У Тыдзень бацькоўскай любві тэма «Сямейнае выхаванне як аснова моцнай дзяржавы» гучала асабліва цёпла і важна.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч сустрэўся з калектывам ТАА «ЮстаПласт». Сям’я ў моцнай дзяржаве – гэта крыніца, праз якую кожнае пакаленне перадае і атрымлівае духоўныя і маральныя каштоўнасці, традыцыі і арыенціры, па якіх і будуе жыццё. Не можа быць інакш, толькі сям’я ў яе традыцыйным паняцці, умацоўвае, у тым ліку, нацыянальную бяспеку дзяржавы. На жаль, заходнія краіны ў спробах скакаць пад дудку іншаземных куратараў і бясспрэчна выконваць іх праграму па дэмаралізацыі нацыі імкнуцца і нам, адэкватным славянам, навязаць гэту ідэю.
Прэзідэнт заўжды падкрэслівае, што культ паўнацэннай сям’і з двума і больш дзецьмі павінен быць стылем жыцця беларусаў. Гэта упэўненасць, што беларусы будуць моцна трымаць суверэнітэт у сваіх
руках і гарантавана жыць у свеце.
– Мы разумеем: калі зламаць традыцыйны погляд на сям’ю, адбудзецца падмена і іншых каштоўнасцяў. Захад імкнецца навязаць гэта нашым дзецям, уцягваючы іх у шматлікія інтэрнэт-пасткі. І гэтага нельга дапусціць, – адзначыў Юрый Чаранкевіч.
На сустрэчы ІПГ на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алегам Траццяком з калектывам райбальніцы прагучала, што ў нашай краіне праводзіцца мэтанакіраваная прапаганда каштоўнасцяў шлюбу і сям’і з дзецьмі, мацярынства і бацькоўства. Прыкладамі таму могуць служыць шматлікія праекты і рэспубліканскія акцыі. Колькі сваіх брэндавых марафонаў праводзяць грамадскія аб’яднанні і арганізацыі.
Наступная тэма ў многіх калектывах гучала, як гаворыцца, на ўласных прыкладах. Маладыя спецыялісты ці тыя, хто яшчэ нядаўна быў у гэтым статусе і замацаваўся на Ляхавіччыне, расказалі, як іх сустрэлі на працоўных месцах, якімі бонусамі скарысталіся ў гэтым статусе, і што гарантавала дзяржава пры жаданні застацца працаваць пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі. Пад’ёмныя, іншыя матэрыяльныя бонусы, дастойная заработная плата, дапамога ў атрыманні арэнднага жылля, настаўніцтва, магчымасць удасканальваць веды і павышаць кваліфікацыю – усё гэта аспекты замацавання кадраў на першых працоўных месцах. Аднак і на Ляхавіччыне існуе пэўная праблема адтоку кадраў, таму арганізацыі і прадпрыемствы ідуць на іншыя бонусныя праграмы, каб зацікавіць у далейшай рабоце свае кадры.
Падчас сустрэчы супрацоўнікі райбальніцы атрымалі членскія білеты Беларускай партыі «Белая Русь». Старшыня раённага аддзялення Алег Траццяк пажадаў новапартыйцам годна несці гэта званне, берагчы і папулярызаваць сямейныя цяпло і любоў, клопат пра блізкіх і родных. У аснове такіх простых рэчаў моцная дзяржава і незалежны народ.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.