Пытанні пра асабістае і не толькі

На гэтым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч працаваў у сваёй акрузе – Баранавіцкай сельскай.

14 кастрычніка дэпутат правёў прамую тэлефонную лінію, а на наступны дзень шэраг мерапрыемстваў з удзелам Георгія Хлябовіча прайшоў на Ляхавіччыне.

Падчас асабістага прыёму грамадзян, які дэпутат Парламента
правёў у райвыканкаме, былі ўзняты розныя тэмы. Адзін са зваротаў – калектыўны. Прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» звярнуліся па пытанні прадастаўлення дадатковых ільгот ветэранам вайны ў Афганістане.
– Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях ветэранаў». Як член пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы гэтага законапраекта. Ён пашырае льготы для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. У прыватнасці, прапануецца знізіць пенсійны ўзрост для асоб, якія атрымалі статус інваліда ў мірны час. Прадугледжваюцца дадатковыя меры падтрымкі ў сферы аховы здароўя: бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі і сродкамі рэабілітацыі, санаторна-курортнае лячэнне, а таксама іншыя меры, – адзначыў Георгій Хлябовіч.
Жыхарка вёскі Пашкоўцы ўзняла пытанне аб уладкаванні аўтобуснага прыпыначнага пункта ў Пашкоўцах. Дэпутат Парламента даў даручэнне разабрацца ў гэтым пытанні.
– Будзем працаваць сумесна з Баранавіцкім аўтобусным паркам, каб спрыяльна для вяскоўцаў вырашыць сітуацыю, – падкрэсліў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, які прыняў удзел у прыёме.
У гэты ж дзень Георгій Хлябовіч удзельнічаў у пасяджэнні пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Ляхавіцкага раёна, якую ўзначальвае кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна. На пасяджэнні разглядаліся справы шасці жыхароў раёна, не занятых у эканоміцы, і якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
– Кожны, хто можа працаваць, абавязаны гэта рабіць. На гэтым акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт краіны. Пытанням занятасці насельніцтва, выкаранення ўтрыманства і дармаедства ў Беларусі надаецца значная ўвага. На ўзроўні раёна камісія па каардынацыі работы
па садзейнічанні занятасці насельніцтва праводзіць пастаянную планамерную работу па актуалізацыі спісаў працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Сярод навацый – цяпер абнаўленне базы адбываецца штомесячна, – падкрэсліў Георгій Хлябовіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.