Саджанцаў хопіць на ўсіх. Ляхавічане далучыліся да акцыі «Дай лесу новае жыццё!»

Лесу многа не бывае. Бясцэнны скарб прыроды сёння чакае нашай дапамогі –участкі, пацярпелыя пасля непагадзі, гатовы прыняць новых зялёных пастаяльцаў. І гэта тое, што нам па сілах зрабіць для нашых лясоў. Ляхавічане далучыліся да акцыі «Дай лесу новае жыццё!».

У ліпені стыхія жорстка прайшлася па Востраўскім лясніцтве, пацярпелі і лясы. Пасля непагадзі лясгасаўцы аператыўна разабралі ветравальна-бураломныя лесасекі, падрыхтавалі ўчасткі для пасадкі, «нарэзалі» барозды. А ў кастрычніку пачалося самае прыемнае: у рамках акцыі «Дай лесу новае жыццё!» стартавала аднаўленне лясных масіваў.

На ўчастку Востраўскага лясніцтва каля дарогі Р-43 у мінулую пятніцу шчыравалі прадстаўнікі лясгаса, дэпутацкага корпуса раёна, члены Маладзёжнага парламента і БРСМ. Надвор’е спрыяла працоўнаму настрою, таму час прайшоў незаўважна: паўтара падрыхтаванага пад пасадку гектара ператварылася ў маладзенькі лясок. Садзілі з надзеяй, што праз дзесяцігоддзі сеянцы сасны і бярозы будуць радаваць не адно пакаленне беларусаў. Пасадачны матэрыял, лічы, мясцовы: восем тысяч сеянцаў з любоўю выгадаваны ў Востраўскім лясніцтве.
Яшчэ адзін адрас, дзе працягнулася зялёная справа, – лесасека каля Кургана Славы. Работнікі райвыканкама, райінспекцыі прыродных рэсурсаў, лясгаса, РАНС дапаўнялі пасаджаны вясной лес чарэшчатым дубам. У недалёкай перспектыве пацягнуцца да неба паўтары тысячы маладзенькіх дубкоў.
– Аб’ядноўваючая акцыя, важная і мае глыбокі сэнс. Мы закладваем рэсурс для будучых пакаленняў. Паглядзіце, як беларуская талака шчыруе на Гомельшчыне – уся краіна разам! І на Ляхавіччыне ёсць участкі, якім патрэбна наша ўвага, а дрэва, пасаджанае з надзеяй і любоўю, будзе радаваць удзячных беларусаў, – адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч.

Лясная Гомельшчына


Акцыя «Дай лесу новае жыццё!», старт якой даў Прэзідэнт у Шклоўскім раёне, заахвоціла не адзін працоўны калек-тыў, не адну тысячу нераўнадушных землякоў.
Напрыклад, дырэктар Ляхавіцкага лясгаса Уладзімір Равяка і намеснік кіраўніка лясгаса Наталля Адаменка побач з калегамі з Брэстчыны працавалі на аднаўленні ветравальна-бураломных участкаў лесу ў Калінкавіцкім раёне.
– Добраахвотная акцыя працягнецца да 12 лістапада. Прыемна, што ляхавічане, як толькі чуюць кліч на пасадку лесу, тут жа чакаюць дзялянку. Разумеюць важнасць справы. Ляхавіцкія выратавальнікі, работнікі торфабрыкетнага завода, тухавіцкія школьнікі, члены прафсаюзаў, аграпрамысловага комплексу ўжо заявіліся да ўдзелу. Пакуль паўтара гектара лесу атрымалі новае зялёнае жыццё, на
4,1 гектара дапоўнілі і абнавілі лес. Упэўнена, гэта толькі пачатак. Саджанцаў хопіць на ўсіх! – адзначыла Наталля  Адаменка.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва лясгаса.