Гэта шчасце! Як пачалася гісторыя прыёмных бацькоў з аграгарадка Малое Гарадзішча

…Так не павінна быць на свеце, каб былі згублены дзеці…» – не раз даводзілася чуць словы кранальнай песні з савецкага мультфільма, суперажываць яго герою. На жаль, падобныя сюжэты часам маюць месца ў рэчаіснасці: дзяцей не толькі «губляюць», але і свядома пакідаюць уласныя бацькі. На шчасце, яны не застаюцца сам-насам са сваёй бядой. Надзеяй і сапраўдным выратаваннем для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак становіцца прыёмная сям’я.

Мы з мужам – бацькі двух дарослых сыноў, якія выраслі і даўно жывуць ад нас асобна. У іх свае сем’і, свае клопаты. Пра дачушку мы марылі даўно. І вось лёс падарыў нам яе: у нашай сям’і з’явілася Насця.
Так пачалася наша гісторыя як прыёмных бацькоў.
Настачка паспела стаць нам роднай і любімай. Мы акружылі дзяўчынку клопатам, увагай, дабрынёй і пяшчотай. І Насценька, у жыцці якой было нямала гора і слёз, адтала, ажыла. Яна нібы па-новаму вучылася ўсміхацца, радавацца жыццю і, галоўнае, усведамляць, што камусьці патрэбна, што яе любяць, радуюцца яе поспехам і першым перамогам.
Мы вучылі яе мудрасцям жыцця, а яна вучыла нас жыць яе дзіцячымі клопатамі і марамі.
Мы вельмі любім сваіх сыноў, але дзякуючы Насці мы зразумелі, што можна навучыцца любіць не толькі сваіх родных дзяцей, але і абсалютна чужых. Чужых, якія могуць стаць такімі роднымі, блізкімі, дарагімі нашаму сэрцу.
Менавіта дзякуючы Насці ў нашай дружнай сям’і крыху пазней з’явіліся Дзіма і Мілана, потым Кіра і Алінка, а зусім нядаўна – Наташа і Данік. Мы зразумелі, што галоўнае наша жыццёвае прызначэнне – быць бацькамі і дарыць сваю любоў і клопат дзецям, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскага цяпла, ласкі і
клопату.
У нашым бацькоўскім сэрцы, як аказалася, было так шмат нерастрачанай любві, клопату і пяшчоты, што іх хапіла на ўсіх. Каля нашага сямейнага ачага грэюць свае азяблыя душы сем маленькіх адзінокіх, пакінутых, пакрыўджаных лёсам чалавечкаў. Паступова іх душы адтайваюць, напаўняюцца любоўю, пяшчотай і ўдзячнасцю. Грэемся і мы, бацькі, у промнях дзіцячай любві і клопату.
У нашых дзяцей з’явіўся дом, цёплы і ўтульны. З’явілася любячая сям’я. У нас з’явіліся агульныя клопаты. Я вучу сваіх дзяўчынак весці хатнюю гаспадарку, гатаваць, пячы смачныя пірагі. Тата вучыць хлопчыкаў мужчынскім прамудрасцям. Усе праблемы, якія ўзнікаюць, мы вырашаем толькі разам. У кожнага з нашых дзяцей з’явіліся мары, жаданні, мэты. Мы ж дапамагаем іх увасабленню ў жыццё. Дзеці прынялі наш сямейны ўклад, нашы правілы і традыцыі. Мы заўсёды разам святкуем важныя сямейныя даты – праваслаўныя святы, дні нараджэння, нашы маленькія і вялікія дасягненні і перамогі.
Са з’яўленнем у нашым жыцці дзяцей клопатаў стала вельмі шмат. А яшчэ вельмі шмат любві і жадання дапамагаць, разумець. Разам мы вучымся ўступаць, суперажываць і падтрымліваць у цяжкую хвіліну. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых. У нас няма раздзялення на сваіх і чужых. У нас ёсць старэйшыя дзеці і малодшыя. Жывучы штодзённымі дзіцячымі праблемамі і клопатамі, мы маладзеем, вучымся ісці ў нагу з часам. Клопат пра дзяцей напаўняе нас энергіяй, сілай, а жыццё наша –
сэнсам! І такое шчасце, калі наш дом поўніцца дзіцячымі галасамі, радасцю і смехам. Ці не гэта самае вялікае шчасце ў жыцці? Мы, бацькі, удзячныя нашым дзецям за тое, што яны ёсць у нашым жыцці!
Мы вельмі хочам, каб наша праца, наш клопат і любоў былі дзецям на карысць. Каб яны пранеслі іх па жыцці. Вельмі важна, каб яны запомнілі і свята захоўвалі ў сваім сэрцы ўсё добрае, чаму навучыліся ў сям’і. І ў будучыні прынеслі гэта ў свае сем’і. Мы вельмі хочам, каб яны заўсёды былі ўважлівымі і чулымі, гатовымі прыйсці на дапамогу. І хацелася б верыць, што ў будучыні нашы дзеці засвояць нашы жыццёвыя ўрокі і абавязкова стануць добрымі людзьмі.
Як падросшыя птушаняты, адзін за адным яны пакідаюць бацькоўскае гняздо. Яны адпраў-ляюцца ў дзіўны і ў той жа час суровы свет пад назвай дарослае жыццё. Але нашы дзеці заўсёды ведаюць, што ў іх ёсць два вялікія надзейныя крылы, гатовыя ўкрыць іх ад любой жыццёвай буры і сагрэць у любую сцюжу.

Галіна КУЛЬБІЦКАЯ, аг. Малое Гарадзішча.