Актыўна, карысна, бяспечна. Ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна фінішуе першая чвэрць

Ва ўстановах адукацыі  фінішуе першая чвэрць. Пачынаюцца восеньскія канікулы. Прадоўжацца яны восем дзён, і на кожны дарослыя прадумалі цікавую праграму адпачынку, умоўна падзеленую на выхаваўчыя, фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Прадугледжана і сацыяльна-педагагічная, і псіхалагічная падтрымка. Вялікае значэнне педагогі надаюць грамадзянска-патрыятычнаму, прафарыентацыйнаму выхаванню.

Навучэнцы СШ № 1 адправяцца на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць, СШ № 2 – у Мінск, гімназісты пабываюць у ваенна-гістарычным комплексе «Партызанскі лагер Станькава» і на шклозаводзе «Нёман», конькаўскія школьнікі – у Баранавіцкім краязнаўчым музеі, начаўскія – у парку гісторыі «Вялікае княства Сула» і г. д. Для школьнікаў запланаваны і знаёмства з мясцовымі прадпрыемствамі і арганізацыямі.
З 28 кастрычніка хлопчыкаў і дзяўчынак запрашаюць аздараўленчыя лагеры, якія будуць працаваць на базе СШ № 1,Конькаўскай, Дараўскай і Малагарадзішчанскай школ, Навасёлкаўскай СШ імя Г. Ф. Нагорнага і Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча. Больш за ўсіх дзяцей прыме лагер СШ № 1 – для паўсотні школьнікаў на пяць дзён тут запланаваны тэматычныя дні з забаўляльна-пазнавальнымі маршрутамі, у тым ліку і сустрэчы з работнікамі РАУС і РАНС, медыкамі і супрацоўнікамі дзіцячай бібліятэкі, раёна электрасетак і педагогамі ЦДАДіМ. Бацькоўская даплата з улікам трохразовага харчавання невялікая і ў залежнасці ад узросту складае ад 16 з паловай рублёў да 22 рублёў 65 капеек. Астатняе кампенсуе дзяржава, расказала «ЛВ» метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Буцько.
Папрацуюць і заробяць грошай навучэнцы СШ № 2, Жарабковіцкай, Крывошынскай, Ліпскай, Падлескай і Тухавіцкай школ, якія будуць заняты на добраўпарадкаванні тэрыторый устаноў адукацыі, брацкіх і партызанскіх могілак, займуцца рамонтам кніг у бібліятэках і г. д.
– Надзвычай важны аспект адпачынку – бяспека. Установамі адукацыі
раёна зроблена нямала, каб канікулы прайшлі пад дэвізам «Актыўна, карысна, бяспечна». І ў гэтым вялікая роля адводзіцца, канешне, і бацькам, якія павінны пастаянна трымаць сваё дзіця ў полі зроку і нагадваць пра важнасць выканання правілаў дарожнага руху і пажарнай бяспекі, – падкрэслівае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Зубік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.