І ў службу, і па-сямейнаму. Калектыў ляхавіцкага аддзялення па ахове аб’ектаў 29 кастрычніка адзначыць прафесійнае свята
Ніколі не ведаеш, дзе сустрэнеш свой лёс. А вось сямейная пара Крысціна і Дзмітрый Мінкевічы за сустрэчу і лёсавызначальнае знаёмства дзякуюць любімай рабоце. Яны дакладна ведаюць дату знаёмства: сёлетнія выбары мясцовых дэпутатаў, іх сумеснае дзяжурства стала шчаслівым працягам. У верасні пара прымала віншаванні з нагоды вяселля.
Сёння ў складзе калектыву ляхавіцкага аддзялення – 54 супрацоўнікі, сярод іх 17 супрацоўнікаў радавога і малодшага складу, 4 афіцэры, 30 адзінак вартаўнічага складу і 3 электраманцёры АПС.
– На кожным з нашых супрацоўнікаў ляжыць вялікая адказнасць. Бяспека і спакой грамадзян, упэўненасць, што маёмасць пад надзейнай аховай, – гэта вынік зладжанай работы супрацоўнікаў Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Землякі давяраюць нам свой дом, часам і жыццё,
а кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый – бяспеку працаўнікоў, калектыўную бяспеку, захаванасць маёмасці. У нашай краіне спакойна жыць і працаваць. Дзякуй кожнаму, хто мае дачыненне да прафесійнага свята, хто звязаў сваё жыццё з аховай сёння, і нашым ветэранам, моладзі, якая выбірае служэнне Айчыне. Здароўя і дабрабыту ў кожны дом, – адзначыў начальнік аддзялення па ахове
аб’ектаў у г. Ляхавічы падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Хітрык.
Крысціна ў аддзяленне па ахове аб’ектаў у г. Ляхавічы прыйшла пяць гадоў назад – працуе вартаўніком вартавой аховы. З нюансамі прафесіі разабралася хутка, і сёння ас у сваёй справе. Прафесійна правядзе агляд аўтатранспарту, рэчаў, прадукцыі, што адпраўляецца з прадпрыемстваў, і іншае. У цэнтры ўвагі якраз – увага і пільнасць. А як па-іншаму, калі аб’екты, дзе размешчаны вартавыя пасты, сур’ёзныя: раённы суд, кансервавы і малочны заводы і іншыя. Графік, канешне, сямейным не назавеш, але ж муж, які таксама ў гэтай справе, разумее, як ніхто іншы.
Амаль год, улічваючы стажыроўку і вучобу, як Дзмітрый Мінкевіч далучыўся да калектыву аховы. З першых дзён, з першага дзяжурства не расчараваўся: пасля арміі службовыя будні – справа звыклая, усё падпарадкавана раскладу, інструкцыям і загадам кіраўніцтва, канешне, асабістай адказнасці. Міліцыянер групы міліцыі прапаршчык міліцыі Дзмітрый Мінкевіч нясе дзяжурства ў раённым судзе, у «Белаграпрамбанку», райвыканкаме.
Закралася пытанне: як атрымліваецца сумяшчаць розныя графікі работ, начныя і дзённыя дзяжурствы, няштатныя сітуацыі і іншае? Ці размовы дома толькі пра работу?
– Змены часта не супадаюць, але ж такая спецыфіка працы, і мы адзін аднаго ў гэтым пытанні разумеем без усялякіх прэтэнзій. Калі прыпадае выхадны, канешне, імкнёмся правесці час разам. Любім наш «Кастрычнік»: адпачываем за праглядам кіно. Муж суботу і нядзелю праводзіць у родным Падлессі, дапамагае маме і бабулі, – расказвае Крысціна.
29 кастрычніка для гэтай пары не толькі свята прафесійнае, але і сямейнае. І, магчыма, яго яны сустрэнуць разам, але ж на працоўных месцах.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.