Дапрызыўная падрыхтоўка і свядомы патрыятызм. У ляхавіцкай гімназіі дадзены афіцыйны старт дзейнасці раённага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі
У ляхавіцкай гімназіі дадзены афіцыйны старт дзейнасці раённага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, у якім займаюцца каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Сярод ганаровых гасцей падзеі – старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, ваенны камісар Брэсцкай вобласці Аляксандр Самарэвіч, ваенны камісар г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сінчук, камандзір 8-й радыётэхнічнай брыгады
Аляксей Моталь і многія іншыя.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што сёння ад падрастаючага пакалення патрабуецца не толькі добрая вучоба і праца дзеля працвітання нашай Айчыны, але і ўменне пры неабходнасці абараніць радзіму і сям’ю, карыстацца зброяй і аказваць першую меддапамогу. Мікалай Мароз адзначыў сімвалізм з’яўлення цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі менавіта ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў Год якасці – важна захаваць і працягваць усё тое добрае, здабытае дзеля міру і незалежнасці нашымі дзядамі і прадзедамі. У падарунак ад райвыканкама для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра – сертыфікаты для набыцця двух тэлевізараў.
Пра важнасць цэнтра для ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў гаварыў і ваенны камісар Брэсцкай вобласці Аляксандр Самарэвіч, які падкрэсліў, што ў руках юнакоў і дзяўчат будучыня Беларусі і наша агульная справа – зрабіць нашу Радзіму яшчэ мацнейшай. Аляксандр Самарэвіч уручыў дырэктару гімназіі Таісіі Шыбун для правядзення заняткаў у цэнтры макет аўтамата АК-74.
На правах шэфаў да гімназістаў, а таксама да навучэнцаў СШ № 1
і СШ № 2 звярнуўся камандзір 8-й радыётэхнічнай брыгады Аляксей Моталь. Ён уручыў падарунак для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра і выказаў упэўненасць, што веды і ўменні, якія юнакі набудуць у цэнтры, стануць асновай для іх прафесійнай будучыні і дапамогуць у падрыхтоўцы да выканання канстытуцыйнага абавязку. А дзяўчынкі, якія вывучаюць медпадрыхтоўку, магчыма, выберуць медыцыну сваім прызваннем.
…Урачысты момант – перарэзванне чырвонай стужкі, якое дало афіцыйны старт дзейнасці цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі. Цэнтр створаны з мэтай рэалізацыі вучэбнай праграмы па прадмеце «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка» для навучэнцаў 10-11-х класаў школ горада.
Сёлета заняткі на базе цэнтра арганізаваны для 200 юнакоў і дзяўчат. Дзяўчынкі пад кіраўніцтвам настаўніцы па медыцынскай падрыхтоўцы гімназіі Наталлі Сапега-Панько вучацца аказанню першай меддапамогі, сучасным метадам догляду
хворых, знаёмяцца з правіламі рэанімацыі і г. д. Для гасцей яны прадэманстравалі майстар-клас: памералі ціск, перавязалі галаву «параненага», зрабілі ўкол і іншае. Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Віктар Яварчук знаёміць юнакоў з асновамі ваеннай справы, са страявой, тактычнай і агнявой падрыхтоўкай, з гісторыяй і сучасным станам Узброеных Сіл і г. д. Прысутныя ўбачылі, як адзінаццацікласнік Аляксей Юрлевіч спрытна збіраў-разбіраў аўтамат і пры гэтым каментаваў свае дзеянні.
Госці пазнаёміліся і з напаўненнем кабінетаў цэнтра, у якім ўсё зроблена з мэтай выхавання грамадзяніна-патрыёта, які любіць сваю Радзіму, паважае людзей у пагонах і добра разумее, што любіць і абараняць Бацькаўшчыну – абавязак кожнага з нас.
У фарміраванні кабінетаў аказалі дапамогу аддзел па адукацыі райвыканкама, адасобленая група Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў і асабіста яе начальнік Арцём Кірута, 8-я радыётэхнічная брыгада ВПС і войскаў СПА і іншыя. Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік падкрэсліла, што, акрамя гарадскіх школьнікаў,
раз у чвэрць для адпрацоўкі практычных уменняў цэнтр будуць наведваць навучэнцы і вясковых устаноў адукацыі. Плануецца правядзенне тут алімпіяд, разнастайных сустрэч і іншых мерапрыемстваў як для старшакласнікаў, так і для настаўнікаў дапрызыўнай і медпадрыхтоўкі, кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Дырэктар гімназіі Таісія Шыбун адзначыла выніковасць супрацоўніцтва гімназістаў і ваеннаслужачых 8-й радыётэхнічнай брыгады, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы і ўжо закладзены добрыя традыцыі, сярод якіх і спартыўныя, і віншавальныя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.